У Рэчыцы аператарку пошты прэміравалі за беларускую мову, а паштары цяпер абавязаныя адказваць на мове кліента
Андрусь ГАЁВЫ
24.10.2019
Аператарцы паштовай сувязі, якая працуе ў аддзяленні паштовай сувязі Рэчыца-2, відавочна, выплацілі прэмію за тое, што яна размаўляе з беларускамоўнымі кліентамі на беларускай мове.
Прынамсі, гэта даручылі зрабіць кіраўніцтву Рэчыцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі паводле вынікаў працы ў жніўні з галоўнага офіса паштовага прадпрыемства.
А пачалося ўсё з таго, што яшчэ ў жніўні журналіст і актыўны абаронца беларускай мовы, вядоўца курсаў Мова Нанова ў Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў звярнуўся па нейкую паштовую патрэбу ў мясцовае паштовае аддзяленне № 2, якое месціцца на вуліцы Леніна. А там работніца адказала яму па-беларуску, і ўся камунікацыя паміж кліентам і супрацоўніцай пошты прайшла на нашай нацыянальнай мове.
«На жаль, часам мне даводзіцца натыркацца на тое, што работнікі, у тым ліку і пошты не толькі не адказваюць на той дзяржаўнай мове, на якой я да іх звяртаюся, але нават і не разумеюць мяне па-беларуску, – распавядае Андрэй Мядзведзеў. – Але, калі недзе са мной камунікуюць па-нашаму, дык я абавязкова пішу падзяку такому супрацоўніку і прашу кіраўніцтва, каб яно яго неяк заахвоціла. Так зрабіў і цяпер. У многіх еўрапейскіх краінах, дзе маецца больш за адну афіцыйную ці дзяржаўную мову, адказ на мове кліента – няпісанае правіла і звычайны стандарт абслугоўвання. Але ж там у іх прынята прывабліваць кліентаў у свае ўстановы любым магчымым спосабам. У нас жа такога няма і за кліентамі ніхто асабліва не ганяецца. Таму на цяперашнім этапе, калі нашу мову проста разумеюць – гэта абавязак работнікаў, але, калі мне яшчэ і адказваюць па-нашаму – гэта ўжо праява павагі да мяне, якая каштуе таго, каб за яе аддзячыць. Магчыма, такім чынам правіла абслугоўвання на мове кліента замацуецца і ў нашай двухмоўнай Беларусі».
Святлана Ангел
Аператаркай, якая абслугоўвала Андрэя па-беларуску аказалася Святлана з дзівосным прозвішчам Ангел. Яна распавяла, што адмысловых курсаў беларускай мовы не праходзіла. Проста ведае яе са школы.
«У нас жа ў краіне дзве мовы маюць хаджэнне. І абедзьве мы іх у школе вучылі. Не разумею, што такога дзіўнага, каб размаўляць і на адной, і на другой. Можа, у мяне ў школе настаўнікі былі нейкія лепшыя, што навучылі, але я неяк пасля школьнага курсу магу спакойна пераходзіць з мовы на мову. Не ведаю, чаму ў іншых гэта не атрымліваецца. Ды і з дзецьмі ж урокі рабіла – таксама мовы трэба і адна і другая. Беларускую я бачу і чую навокал, можа, і не так часта як расійскую, але яна дастаткова нас акаляе, каб на яе не забыцца», – разважае супрацоўніца пошты.
Праўда, ці сапраўды ёй выплацілі прэмію, яна з упэўненасцю сказаць не можа:
«Прэміі за жнівень налічвалі ў верасні, плацілі ў кастрычніку. Здаецца трохі болей, чым раней, а ўвайшла там прэмія гэтая, ці не – не ведаю. Але мне вялікія грошы не трэба. Мне прыемна, калі людзі аб маёй працы добра адгукаюцца», – кажа Святлана.
Андрэй Мядзведзеў
Андрэй Мядзведзеў яшчэ ў жніўні накіраваў электронны зварот у РУП «Белпошта», у якім прапанаваў заахвоціць Святлану Ангел матэрыяльна, а таксама пашырыць яе досвед працы з кліентамі сярод персаналу, які мае абавязкі, звязаныя са стасункамі са спажыўцамі паштовых паслугаў. Тады ж у жніўні ён атрымаў на свой зварот адказ. А ў ім, акрамя паведамлення, што пытанне прэміравання аператаркі мусіць вырашыць кіраўніцтва Рэчыцкага вузла, было яшчэ і паведамленне, што на Белпошце ўжо больш за паўгода дзейнічаюць правілы, якія Святлана Ангел фактычна выконвала.
Як паведамляецца ў адказе за подпісам першага намесніка генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алены Скрыпчык, на прадпрыемстве яшчэ з 1 снежня мінулага года ўведзены ў дзеянне адмысловы «Стандарт абслугоўвання беларускамоўных карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі». І згодна з ім кожны работнік прадпрыемства абавязаны весці дыялог з карыстальнікам паслуг на той дзяржаўнай мове, на якой карыстальнік да яго звярнуўся – коратка, па сутнасці зададзенага пытання і ў межах сваёй кампетэнцыі.
Для таго, каб палегчыць работнікам «Белпошты» выкананне гэтага стандарту абслугоўвання, а таксама патрабаванняў артыкула 4 Закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» на «Белпошце» распрацаваны яшчэ і «Пералік тэрмінаў, слоў, словазлучэнняў і сказаў, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца работнікамі аб’ектаў паштовай сувязі для вядзення дыялогу з карыстальнікамі паслуг паштовай сувязі». Пра гэта таксама паведаміла Алена Скрыпчык ў сваім адказе.
«Я вельмі ўсцешаны такім адказам з паштовага прадпрыемства. Спадзяюся, што цяпер, прыйшоўшы ў аддзяленні пошты ні я, ні іншыя беларускамоўныя жыхары Беларусі не будуць адчуваць сябе эмігрантамі ва ўласнай краіне, калі даводзіцца камунікаваць з персаналам арганізацыяў на розных мовах, прычым адказваюць табе найчасцей не на нашай нацыянальнай», – падсумоўвае гэтую гісторыю Андрэй Мядзведзеў.