Выбары прэзідэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня

Палеская Вясна 08.05.2020

Палата прадстаўнікоў 8 траўня прызначыла прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе на 9 жніўня — яны маюць прайсці ў жніўні, не пазней як за два месяцы да сканчэння цяперашніх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Радыё Свабода

На паседжанні выступіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Яна прапанавала правесці выбары 9 жніўня. Паводле Ярмошынай, палітычнае кіраўніцтва краіны правяло кансультацыі з ЦВК, Палатай прадстаўнікоў, і, у прынцыпе, была выпрацавана адзіная думка аб правядзенні выбараў 9 жніўня.

Большасць дэпутатаў прагаласавала за 9 жніўня як дату выбараў. Паводле Ярмошынай, на правядзенне двух тураў прэзыдэнцкіх выбараў у бюджэце на 2020 год выдаткавана 36 млн беларускіх рублёў (калі выбары пройдуць у адзін тур, частку грошай могуць зэканоміць).

Старшыня ЦВК раней адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцця гэтых захадаў ужо няма».

Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, пра магчымы ўдзел у выбарах гаварылі і іншыя. Так, правацэнтрысты ладзяць праймерыз па выбары «адзінага кандыдата» — у якасці «кандыдатаў у кандыдаты» засталіся Юрась ГубарэвічВольга Кавалькова і Мікалай Казлоў. «Кандыдатаў пратэсту» зьбіраўся выстаўляць Мікола Статкевіч. Аб прэзыдэнцкіх амбіцыях у абыход праймэрыз заяўлялі сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч, блогер Сяргей Ціханоўскі.