Мініраванні скончыліся, пачаліся забойствы. Новая правакацыя супраць блогера з Акцябрскага
Палеская Вясна
07.10.2019
Увечары 4 кастрычніка на тэлефон блогера Андрэя Павука з райцэнтра Акцябрскі пазваніў аператыўны дзяжурны РАУС. Спраўджваў, што здарылася.
Забойства, якога не было
Паводле дзяжурнага Алега Дземенкаўца, у міліцыю паступіў званок нібыта з нумара самога Андрэя Павука, які і паведаміў, што “забіў сваю жонку Вольгу”.
Андрэй і Вольга Павукі
Аператыўнікі на кватэру сям’і Павука не прыязджалі, бо Вольга сама патэлефанавала ў “дзяжурку” райаддзела міліцыі сказаць, што гэта дзікая правакацыя.
“Я запісаў гэтае паведамленне нібыта ад майго імя. Нейкая п’яная ці з добрымі акторскімі задаткамі асоба назвалася маім імём, указала наш з жонкай хатні адрас і паведаміла пра забойства. Голас нізкі, язык заплятаўся. Мяркую, што гэта зрабілі тыя ж самыя рэжысёры, што раней ад майго імя дасылалі ілжывыя паведамленні пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага суда. Трывожна і непрыемна”,
– кажа Андрэй Павук.
“Андрэй Бараноўскі, што ў раёне дзеецца?!”
Пра вечаровы інцыдэнт Андрэй з Вольгай запісалі для Youtube-канала відэаролік, у якім звярнуліся да дзейнага старшыні Акцябрскага райвыканкама: “Андрэй Бараноўскі, разбярыцеся, што ў раёне дзеецца?!”
5 кастрычніка Андрэй Павук з жонкай наведалі райаддзел міліцыі.
“Мне там адкрыта сказалі, што хулігана не знойдуць – маўляў, не высвеціўся код рэгіёна.Аднак Вольга ўсё адно напісала заяву”,
– дадае блогер.
“У маёй заяве выказана патрабаванне з трох пунктаў. Па-першае, знайсці зламысніка. Высветліць матывацыю яго тэлефанавання, а таксама ўстанавіць алгарытм выкарыстання тэлефона мужа для супрацьпраўных і небяспечных гульняў”,
– сказала службе маніторынгу ГА “БАЖ” Вольга Павук.
Новая правакацыя супраць блогера Павука ўчынена на тле разгляду ў судзеяго пазову да міліцыі ў сувязі з абвінавачваннем у мініраванні райвыканкама. Праз суд блогер мае спагнаць з Акцябрскага раённага аддзела ўнутраных справаў 25 тысяч рублёў маральнай шкоды.