Лічыць галасы будуць «дисциплинированные и исполнительные». Сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі
Андрусь ГАЁВЫ
05.10.2019
Прайшлі пасяджэнні райвыканкамаў, на якіх сфармаваныя самыя галоўныя звёны, якія будуць фармаваць вынікі маючага адбыцца галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.
Варта адзначыць, што апазіцыйныя дзейнай уладзе палітычныя партыі, аб’яднанні і рухі цалкам праігнаравалі этап вылучэння ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў палескім рэгіёне. Аніводны прадстаўнік такіх сілаў не быў нават пададзены на разгляд выканкамаў. Таму ў некаторых раёнах канкурэнцыю тым, каго трэба ўключыць у камісіі, стваралі такія самыя вылучэнцы ад БРСМ ці Белай Русі, але такія, якіх туды ўключаць не трэба.
Будынак Калінкавіцкага райвыканкама
Прыкладам, у Калінкавічах на 676 месцаў у камісіях вылучылі ажно 716 прэтэндэнтаў. Вылучалі, як звычайна, працоўныя калектывы, грамадзяне праз збор подпісаў, БРСМ, Белая русь, КПБ, Саюз жанчын, прафсаюзы, а таксама «перадвыбарныя» партыі, назваў якіх, акрамя як ў час фармавання выбарчых камісіяў, больш ніколі не бачна і не чутна – Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды. Паўдзельнічалі ў барацьбе за ўладу і такія грамадскія аб’яднанні, як Таварыства чырвонага крыжа альбо Фонд міру.
Адметна, што Калінкавіцкі выканкам, падтрымаўшы прапанову начальніцы аргаддзелу і адначасова сакратаркі акруговай выбарчай камісіі Алены Верабей, вырашыў не ўключаць у склады ўчастковых камісіяў 12 вылучэнцаў ад БРСМу, якія адначасова з’яўляюцца чальцамі ініцыятыўнай групы «аднаго з кандыдатаў» (відавочна, праўладнага – дзейнага дэпутата ПП Яўгена Адаменкі). Такім чынам спрасцілася задача па «адсейванню» непатрэбных БРСМаўцаў, што, безумоўна скараціла час паседжання.
Увогуле ж, фармаванне УВК у Калінкавічах выглядала досыць цікава зрэжысаваным з нязначнымі памылкамі асноўных актораў. Так, напачатку вырашылі, што за склад тых камісіяў, дзе колькасць ахвочых папрацаваць супадае з колькасцю месцаў, будуць галасаваць спісам і без абмеркаванняў, а там, дзе ёсць «лішнія» прэтэндэнты, абмяркоўваць кожнага і запісваць у камісію тых, хто набраў найбольш галасоў «за» ад колькасці чальцоў выканкаму. Але старшыня Сяргей Гвоздзь чамусьці пра гэта забыўся і прасіў галасаваць стандартна: «Кто за данную кандидатуру? Кто против? Кто воздержался?». Часам ён праўда, забываўся ўзнімаць вочы ад папераў, каб убачыць хто там як галасуе. Але гэта не істотна, бо лічыць галасы мусіла Алена Верабей, а зрабіць ёй гэта было досыць проста, бо найчасцей усё было адзінагалосна.
Адзіны выпадак, калі «пакрэатывіць» вырашыў намеснік старшыні выканкама, які курыруе як раз ідэалогію, палітыку і сацыялку Валянцін Васюта. Ён паспрабаваў быў «прапіхнуць» у камісію ў вёсцы за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Калінкавічаў гарадскую выхавацельку, адзіны прагаласаваўшы «за» яе і зрабіўшы пры гэтым шматзначны выраз твару. Мабыць такі «плюралізм» мусілі ацаніць назіральнікі. Вось толькі калегі ягоныя яго не падтрымалі і пакінулі выхавацельку гадаваць дзяцей.
Бо асноўнай заганай тых вылучэнцаў праўладных структураў, якіх не ўключылі ў камісіі было тое, што яны жывуць далёка ад месцаў размяшчэння выбарчых участкаў на якіх прагнулі лічыць галасы. Чаму раптам юныя праграмісты мэблевага камбіната, бухгалтаркі «Беларусбанка» і нават рэдактарка аддзела раённай газеты памкнуліся ў камісіі за 30 – 50 кіламетраў ад Калінкавічаў, дзе жывуць і працуюць, вылучыўшыся туды ад БРСМу ды іншых «кішэнных» кантораў, зразумець няцяжка – «разгул дэмакратыі» мусіць мець заўважную ілюстрацыю. Яшчэ за хібу такіх прэтэндэнтаў называлася тое, што яны не маюць досведу працы ў выбарчых камісіях. Праўда, над тым, адкуль ён у іх можа з'явіцца, калі іх з такой нагоды ніколі туды не ўключаць, нават калі б яны і сапраўды хацелі, ніхто не задумваўся.
Затое, якасці, якія Алена Верабей называла як тыя, што мусяць спрыяць залічэнню ў камісію, сапраўды ўражваюць. Чаго вартая напрыклад такая характарыстыка: «активная участница художественной самодеятельности»?! Ну каму ж яшчэ ўдзельнічаць у такіх выбарах, як не ўдзельнікам самадзейнасці?! Альбо: «умеет правильно расставить приоритеты»?! А як жа без гэтага?! Ці «всегда доводит начатое до конца»? Ведаем: ужо больш за 20 гадоў, як даводзяць да канца! У асноўным жа, тыя, каму выканкам даверыў лічыць галасы выбаршчыкаў маюць такія характарыстыкі, як «исполнительный, ответственный, дисциплинированный работник, пользуется авторитетом у коллег и руководства».
У сувязі з тым, што дакладчыца не згадвала якой структурай вылучаны той ці іншы прэтэндэнт, назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў Калінкавіцкай акруговай камісіі Андрэй Мядзведзеў пацікавіўся матэрыяламі па вылучэнні. Варта адзначыць, што яму далі такую магчымасць. Праўда у матэрыялах характарыстыкаў не было. Алена Верабей патлумачыла, што аргаддзел абтэлефаноўваў тыя структуры, якія вылучылі гэтыя 716 прэтэндэнтаў і яны давалі сваім вылучэнцам характарыстыкі, якія зачытваліся на паседжанні.
Светлагорск, Цэнтральная плошча
Прыкладна такія ж сцэнары паседжанняў былі і ў іншых палескіх раёнах, дзе назіралі незалежныя назіральнікі. У Светлагорску «канкурэнцыя» уладных вылучэнцаў была крыху меншая за калінкавіцкую: на 664 месцы ў камісіях прэтэндавалі 681 чалавек. З іх адна – Ганна Сомава, актывістка ініцыятыўнай групы жыхароў гораду, якія змагаюцца са смярдзючым заводам беленай цэлюлозы. Яе прадказальна ў камісію не ўключылі – маўляў, не мае досведу. Астатніх «лішніх» адсейвалі таксама паводле досведу. Уключалі, як заўважыла назіральніца Алена Маслюкова, «компетентных и инициативных».
Будынак Мазырскага райвыканкама
Райвыканкам у Мазыры, фармуючы камісіі адразу для двух выбарчых акругаў – Мазырскай, у якую ўваходзіць амаль увесь Мазыр і Палескай, куды запісаныя жыхары часткі Мазыра і ўсяго Мазырскага раёна, асабліва не распінаўся. Лішніх прэтэндэнтаў тут не было. Назвалі 949 прэтэндэнтаў у 75 УВК, з якіх 203 ад працоўных калектываў, 249 ад грамадзян, шляхам збору подпісаў і 497 ад палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў. Ад палітычных партыяў былі толькі прадстаўнікі ад КПБ, Рэспубліканскай партыі працы і справедлівасці, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды. З грамадскіх аб’яднанняў былі толькі прадстаўнікі праўладных арганізацыяў – Белай Русі, БРСМ, Саюза жанчын, прафсаюзаў рознай галіновай накіраванасці, ветэранаў, Чырвонага крыжа, Беларускага Фонду Міру і нават адзін прадстаўнік «Саюза афіцэраў». І ахарактарызвалі іх адразу ўсіх агульным чохам: «все компетентные, имеют лидерские качества».
Назіральнік Уладзімі Целяпун адзначае адну асаблівасць нумарацыі участковых камісіяў у Мазыры. Тут у адным горадзе адразу два выбарчыя участкі, якія да таго ж мяжуюць адзін з адным, маюць нумар 41: адзін участак належыць да Мазырскай акругі, другі да Палескай.
Будынак Рэчыцкага райвыканкама
Зусім без крэатыву прайшло фармаванне участковых выбарчых камісіяў у Рэчыцы. Тут колькасць прэтэндэнтаў адпавядала колькасці месцаў у камісіях. Праўда, аднаго з ахвочых лічыць галасы – намесніка галоўнага лекара раённай лякарні Уладзіміра Журакоўскага, вылучылі аж двойчы ад розных структураў, што крыху сапсавала матэматыку, адзначыў назіральнік Валер Пуціцкі. Але ўсё паседжанне заняло не больш за паўгадзіны, бо аніякія характарыстыкі прэтэндэнтам даваць ніхто не лічыў патрэбным, проста чыталі спісы і галасавалі агулам «за».
Наступны этап у выбарчай кампаніі – гэта рэгістрацыя кандыдатаў на дэпутатаў. Да 8 кастрычніка ініцыятыўныя групы мусяць здаць падпісныя лісты, а палітычныя партыі накіраваць пратаколы вылучэнняў у акруговыя камісіі і тыя пачнуць праверку дакладнасці афармлення дакументаў і наступную рэгістрацыю, пасля якой пачнецца агітацыйная кампанія ўжо кандыдатаў.