У Рэчыцы актывісты раздалі спецвыпуск газеты, прысвечаны праваабаронцам

Палеская Вясна 16.09.2019

Спецыяльны выпуск газеты «Новы час», прысвечаны змаганню жыхароў суседняга Светлагорска за сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і працы праваабаронцаў у гэтым змаганні, раздалі актывісты жыхарам Рэчыцы.

На рынку «Славянскі» ў Рэчыцы ў суботні дзень даволі шмат людзей. Таму некалькі соцень асобнікаў газеты разышліся даволі хутка. Многія бралі газету нават не ведаючы пра тое, якой тэме яна прысвечаная. Было бачна, што людзям не стае альтэрнатыўнай афіцыйнай інфармацыі.

«Тое, як адбываецца абарона экалагічных правоў і звязаных з гэтай абаронай правоў чалавека, назірае ўся краіна. Канешне, шмат інфармацыі можна знайсці ў інтэрнэце. Але не ўсе маюць магчымасць чэрпаць інфармацыю з сеціва. У афіцыйнай жа прэсе праблемы замоўчваюцца і ўсё падаецца ў вясёлкавым святле. Таму жыхары нашага горада з ахвотаю бралі ў нас газету «Новы час», спецвыпуск якой быў прысвечаны праблемам суседняга райцэнтра. Усё ж, паміж Рэчыцай і Светлагорскам усяго 50 кіламетраў, шмат хто там працуе, шмат у каго там жывуць сваякі»,

– адзначыў кіраўнік рэчыцкага аддзялення праваабарончага цэнтру «Вясна» Валер Пуціцкі.