Азербайджанскія рэстаратары ў Калінкавічах вырашылі паболей «ісламізаваць» афіцыйны сцяг Беларусі (ФОТАФАКТ)
Андрусь ГАЁВЫ
09.09.2019
На рэстаране азербайджанскай нацыянальнай кухні «Табриз» у Калінкавічах ужо некалькі гадоў вісіць рэклама з выявамі сцяга Азербайджана і таго, што, мусіць, абазначае афіцыйны чырвона-зялёны сцяг Беларусі. Праўда, апошні з некаторымі карэкціроўкамі.
Відаць, прадстаўнікі мусульманскай краіны цудоўна разумеюць, што зялёны колер найбольш уласцівы мусульманскаму свету. І тое, што дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка некалі правёў праз рэферэндум замену нацыянальнага бел-чырвона-белага сцягу нашай краіны на суадносіны чырвонага і зялёнага колераў, азербайджанцы, мабыць, расцэньваюць як дружалюбны крок да такога ж аўтарытарнага рэжыму бацькі і сына Аліевых, які ўжо шмат гадоў пануе ў мусульманскім Азербайджане. Праўда, на думку калінкавіцкіх азербайджанцаў, кіраўнік Беларусі, відаць, крыху недастараўся.
Таму на сваім рэстаране яны вырашылі ўдасканаліць ісламізацыю сімвала беларускага рэжыму і змянілі суадносіны двух асноўных колераў. У афіцыйнай дзяржаўнай версіі чырвоны колер займае дзве траціны шырыні, а зялёны – адну. Але ў версіі «Табризу» гэтую недаісламізацыю вырашылі выправіць.
У іх на «сцягу Беларусі» такі самы, як і ў афіцыйнай версіі арнамент, таксама дзве паласы – чырвонага і зялёнага колераў. Вось толькі, у адрозненне ад версіі Лукашэнкі, – зялёная зверху і на дзве траціны шырыні, а чырвоная знізу і на адну. А што: падабаецца ўладам, здавалася б, еўрапейскай краіны сцяг, што нагадвае сімвалы Буркіна-Фасо альбо Чачэніі – чаму б не працягнуць пачынанне, крыху ўдасканаліўшы самадзейнасць?
Дарэчы, літаральна за некалькі дзясяткаў метраў ад азербайджанскага рэстарану ў Калінкавічах месціцца рэдакцыя раённай газеты «Калінкавіцкія навіны». І супрацоўнікаў яе, якія, несумненна, некалькі разоў на дзень праходзяць ды праязджаюць паўз удасканалены сцяг дзяржапарату, ідэалогію якога прасоўваюць «у масы», такая ісламізацыя сімвалу ані не бянтэжыць. Не турбуе яна і кіраўніцтва аддзелу архітэктуры, які ўзгадняе розныя вонкавыя выявы ў горадзе, ды і сам райвыканкам. Гэтая акалічнасць вельмі яскрава характарызуе рэальную каштоўнасць цяперашняй афіцыйнай сімволікі Беларусі нават для тых, хто служыць кіруючай цяпер тут уладзе.