Першыя пасяджэнні акруговых выбарчых камісісяў: твары новыя, арганізацыі – тыя ж
Андрусь ГАЁВЫ
04.09.2019
На Гомельшчыне сфармаваныя і правялі свае першыя пасяджэнні акруговыя выбарчыя камісіі. Як паведамляюць назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», нічога новага і нечаканага пачатак выбарчай кампаніі не прынёс.
Калі параўнаць вынікі фармавання выбарчых камісіяў, якія месцяцца ў чатырох найбуйнейшых райцэнтрах палескага рэгіёну – Мазыры, Светлагорску, Рэчыцы і Калінкавічах, дык можна заўважыць, што асаблівай разнастайнасці палітычнага спектру сярод іх чальцоў не назіраецца. Гэта ўсё тыя ж арганізацыі, якія ўсе апошнія і парламентскія, і прэзідэнцкія, і мясцовыя выбары забяспечваюць патрэбныя вынікі.
Спіс арганізацыяў, вылучэнцы якіх на сумесным пасяджэнні прэзідыюмаў Гомельскага аблвыканкама і абласнога савета дэпутатаў уключаныя ў камісіі, ужо які год запар дастаткова аднастайны – ГА «Белая Русь» (4 чальцы, па адным у кожнай камісіі), Камуністычная партыя Беларусі, створаная старой камуністычнай наменклатурай у падтрымку дзеючай улады (таксама 4 чальцы па адным у кожнай камісіі), ГА «Беларускі саюз жанчын» (4 чальцы, па адным у кожнай камісіі), прафсаюзы, якія ўваходзяць у залежную ад улады Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ажно 11 чальцоў – чацьвёра ад прафсаюза работнікаў дзяржаўных ды іншых установаў, які аб’ядноўвае дзяржаўных чыноўнікаў – па адным у кожнай камісіі, трое ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – у кожнай камісіі, акрамя Светлагорскай, двое ад прафсаюза работнікаў аховы здароўя, адзін ад прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і адзін вылучэнец прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорта і турызма). 12 чальцоў камісіяў вылучылі грамадзяне шляхам падачы заяваў, але звяртае на сябе ўвагу той факт, што тыя грамадзяне ў асноўным хадатайнічалі пра супрацоўнікаў райвыканкамаў і кіраўнікоў розных арганізацыяў. Пяцёра чальцоў выбаркамаў сталі імі праз вылучэнне працоўнымі калектывамі, сярод якіх адсутнічаюць калектывы прыватнага бізнесу, затое ёсць такія як школы, бюро тэхінвентарызацыі, раённая друкарня і раённая газета. Дзіўна, але гэтым разам неяк пасіўнічаў БРСМ – «маладых і перспектыўных» у склад гэтых камісіяў трапіла ўсяго двое – у Мазыры і Рэчыцы. Кіраўніца чырвона-зялёнай моладзі Калінкавічаў, відаць ужо пасаромелася вылучацца праз гэтую арганізацыю, ды вылучылася ад КПБ. Двое, з тых, хто будзе вызначаць, каго пусціць у парламент, прыйшлі ў выбарчыя камісіі ад таварыства Чырвонага крыжа – у Калінкавічах і Рэчыцы. Па адным – ад грамадскай арганізацыі ветэранаў (Рэчыца) і Беларускага фонду міру (Светлагорск). Якія ў гэтых грамадскіх аб’яднанняў цікавасці да палітыкі, што яны памкнуліся ўдзельнічаць у найгалоўнейшай палітычнай кампаніі па барацьбе за ўладу – зразумець цяжка. Але ёсць сярод уключаных у камісіі і прадстаўнікі палітычных партыяў – акрамя памянёнай вышэй КПБ, трое «шчасліўчыкаў» (Калінкавічы, Рэчыца і Светлагорск) прадстаўляюць у камісіях праўладную і цалкам апатычную партыю працы і справядлівасці, назва якой усплывае толькі акурат у спісах чальцоў выбарчых камісіяў, двое чальцоў (Мазыр і Светлагорск) былі вылучаныя якойсьці Сацыял-дэмакратычнай партыяй народнай згоды, нейкай дзейнасці якой на палітычнай арэне зусім не чуваць, і аднаму чальцу апазіцыйнай дзеючаму рэжыму камуністычнай партыі левых «Справядлівы свет» пашчасціла трапіць у Светлагорскую камісію.
Цікава, што, нягледзячы на набіўшы аскому спіс арганізацыяў, вылучэнцам якіх улады даверылі арганізацыю і звод вынікаў выбараў у сваіх акругах, у саміх камісіях сталі заўважныя новыя твары. Напрыклад, як адзначыў назіральнік у акруговай камісіі Рэчыцкай акругі № 44 Валер Пуціцкі, калі на мінулых выбарах Чырвоны крыж у гэтай камісіі прадстаўляў ягоны тагачасны кіраўнік Эдуард Ярашонак, дык цяпер гэта Аліна Юшкевіч. Ёсць падобныя прыклады і ў іншых камісіях.
Паводле накатаных сцэнароў адбыліся і першыя пасяджэнні прызначаных камісіяў. Адкрывалі іх усюды старшыні райвыканкамаў. У Мазыры, Рэчыцы і Калінкавічах яны павіншавалі ўключаных чальцоў камісіяў з тым, што іх туды ўключылі, з аказаным даверам, праўда не ўдакладняючы, хто ім такі давер аказаў. А старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь яшчэ і адзначыў, што гэта ганаровая і пачэсная місія.
Дакладна паводле сцэнароў выканалі адведзеныя ролі ў прапановах на пасады старшыняў камісіяў, іх намеснікаў і сакратароў тыя іх чальцы, якія мусілі кагосьці прапаноўваць і падтрымліваць. У Калінкавічах адна з падтрымліваючых нават пачала прыўзнімацца з крэсла яшчэ да таго, як скончыла свой спіч тая, якая прапаноўвала.
І толькі ў Светлагорску адна сталага веку жанчына – Валянціна Конанава, сябра партыі левых «Справядлівы свет» ўнесла ў гадзіннікавы механізм пасяджэнняў невялікі вэрхальчык, прапанаваўшы на пасаду сакратара камісіі яшчэ адну кандыдатуру, каб іншыя чальцы паспрабавалі разабрацца з альтэрнатывай і, магчыма, прагаласаваць супраць калегі. Спачатку гэта выклікала маўклівую сцэну цягам некалькіх хвілінаў, але, ачомаўшыся, прапанаваная пачала адмаўляцца на карысць загадзя ўзгодненай, маўляў, я не маю досведу, не ўмею, мне не стае часу і такім чынам зняла сваю кандыдатуру, хаця апазіцыйная камуністка і настойвала, што трэба набірацца досведу і вучыцца.
У выніку галасаванняў старшынямі камісіяў, іх намеснікамі і сакратарамі сталі тыя, каго і планавалі ўлады. Галасаванне па ўсіх пытаннях і на пасяджэннях усіх камісіяў было аднагалосным.
У Мазыры старшынём акруговай выбарчай камісіі традыцыйна стаў Міхаіл Пашынскі, кіраўнік раённага ўпраўлення працы, занятасці і сацабароны насельніцтва, вылучаны «Белай Руссю». Светлагорскую акруговую камісію ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Канстанцін Пятроўскі, за вылучэнне якога ў склад камісіі паклапаціліся ўдзячныя грамадзяне і падалі заяву. У Рэчыцы забеспячэннем неабходных вынікаў выбараў будзе кіраваць Ігар Сяргееў, галоўны рэдактар мясцовай дзяржаўнай газеты «Дняпровец», які да таго, як узначаліў раённы СМІ, доўгі час працаваў намеснікам старшыні райвыканкама па ідэалагічнай і сацыяльнай сферы. Вылучаны ён у камісію працоўным калектывам сваёй газеты. Старшынёй Калінкавіцкай акруговай камісіі стала кіраўніца справамі мясцовага райвыканкама Алена Дзяргач, якую ў склад камісіі вылучыў Беларускі саюз жанчын, у прэзідыюме якога знаходзіцца як раз і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.
Першыя пасяджэнні акруговых камісіяў занялі ад 15 да 30 хвілінаў па часе. Усё аператыўна і без замінак. Адзіны непрыемны для ўлады інцыдэнт адбыўся перад пачаткам пасяджэння Калінкавіцкай акруговай камісіі. На яго пажадаў патрапіць сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Елісееў. Ён быў вылучаны сваёй партыяй у склад камісіі, але, натуральна, уключаны туды не быў. Прыйшоў як выбаршчык, які, паводле ягонага пераканання, згодна з артыкулам 65 Канстытуцыі, мае права бачыць адкрытыя пасяджэнні выбарчых органаў. Прычым, ён меўся зафіксаваць тое, што адбывалася б на пасяджэнні, на відэа.
Аляксандр Елісееў
Спачатку да выбаршчыка выйшаў кіраўнік аддзелу па рабоце са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў райвыканкама Аляксандр Вальчанка, які нават быў дазволіў яму прайсці на пасяджэнне, але без відэаздымкаў. Праўда, у гэты самы момант з другога паверху спускалася кіраўніца справамі Алена Дзяргач, якая мелася стаць старшынёй выбарчай камісіі. І яна, пабачыўшы досыць палкую размову, забараніла неакрэдытаванаму назіральнікам грамадзяніну праходзіць на пасяджэнне камісіі. У выніку Елісееў здымаў пустое фае і выхад удзельнікаў пасяджэння з залы пасля яго сканчэння.