У Рэчыцы настаўнікам на педнарадах настойліва рэкамендуюць збіраць подпісы на выбарах за «свайго» кандыдата
Палеская Вясна
31.08.2019
Апошнія перад пачаткам навучальнага года педагагічныя нарады, якія прайшлі ў школах горада 30 жніўня, не абыйшліся без перадвыбарнай агітацыі.
Як паведаміла Палескай Вясне крыніца ў педкалектыве адной з гарадскіх школаў, на апошняй жнівеньскай педнарадзе кіраўніцтва школы, якое само толькі прыехала з такой самай агульнараённай педнарады, настойліва рэкамендавала настаўнікам збіраць подпісы за нейкага «кадыдата ад раённага аддзела адукацыі». Канкрэтнае прозвішча, праўда, не называлася, бо кандыдатаў пакуль няма. Але за тое, што настаўнікі падпішуцца за таго, каго будзе вылучаць РайАА, ім ужо паабяцалі наяўнасць прэміяў. Відавочна, што ў выпадку адмовы падпісвацца за «каго трэба» прэміяў можна пазбавіцца.
Ці будзе Рэчыцкі РайАА вылучаць кагосьці з педагогаў, ці гэта адзін з крокаў, каб вылучыць і захаваць месца ў парламенце для дзеючага дэпутата ад Рэчыцкай акругі – намесніка старшыні Палаты Прадстаўнікоў Баляслава Пірштука, пакуль невядома. Прынамсі, цяперашні склад парламента, дзе Пірштук з’яўляецца намеснікам старшыні, запомніцца выбаршчыкам не самымі папулярнымі дзеяннямі.
Баляслаў ПІРШТУК (фота hause.gov.by)
Напрыклад тым, што перад самай выбарчай кампаніяй прыняў закон, якім адмяніў адтэрміноўкі для навучання для студэнтаў і магістрантаў, якіх цяпер будуць замест павышэння адукацыі забіраць у войска, адрынуў прапановы маці асуджаных паводле наркатычнага артыкула Крымінальнага кодэкса № 328 па дыферэнцыяцыі пакаранняў у залежнасці ад колькасці і небяспекі наркатычнага рэчыва і прыняў яшчэ цэлы шэраг непапулярных у беларускім грамадстве нарматыўных актаў. Таму, для таго, каб застацца з дэпутацкім мандатам Пірштуку будзе вельмі патрэбны адміністрацыйны рэсурс.
На застаўцы - ілюстрацыйнае фота