Асудзілі жыхара Калінкавіцкага раёна, абвінавачанага ў забойстве жонкі святара
Палеская Вясна
01.06.2020
Гомельскі абласны суд вынес рашэнне ў гучнай крымінальнай справе — забойстве Таццяны Агіевіч, жонкі праваслаўнага святара з Азарычаў, паведамляе Радыё Свабода.
Суд у справе аб забойстве жонкі сьвятара ў Азарычах, 25 траўня. Фота: svaboda.org
23-гадовага Віктара Марозава суд пастанавіў пазбавіць волі на 24 гады ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама суд задаволіў грамадзянскія позвы пацярпелых — святара і яго сына, на матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 75 тысяч рублёў кожнаму.
Злачынства адбылося ў кастрычніку 2019 году. Першапачаткова праз падазрэнне ў забойстве 42-гадовай Таццяны затрымалі яе мужа, праваслаўнага святара. Але пазней падазраваным прызналі 23-гадовага Віктара.
25 траўня прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачання прасіла суд прызначыць абвінавачанаму пакаранне — 25 гадоў пазбаўлення волі.
Смерць Тацяны Агіевіч наступіла ад масіўнай страты крыві — ёй было нанесена не менш за 16 удараў нажом і 42 — «тупым прадметам», дакладней рукамі і нагамі.
Першапачаткова ў забойстве жанчыны падазравалі ейнага мужа, святара. Затым святара вызвалілі, затрымаўшы Віктара Марозава. Пасля затрымання міліцыяй вясковец прызнаў сваю віну і падрабязна расказаў пра забойства.
Віктар працаваў на будоўлі царквы. У дзень забойства, 1 красавіка, ён пасварыўся са сваёй дзяўчынай з іншай вёскі, вырашыў «пазычыць» аўтамабіль у святара і зезьдзіць да сяброўкі. Калі ішоў да хаты святара, узяў з сабой нож, бо «разумеў, што добраахвотна матушка аўтамабіля ня дасць». Сапраўды, Тацяна не дала ключоў ад аўтамабіля, і Віктар напаў на яе з нажом.
Пазней ён змяніць паказаньні і сведчыў што нож з сабой прыхапіў не для таго, каб забіваць, а каб падарыць свайму тату. Віктар стаў казаць, што ўдарыў нажом Тацяну, але, калі пайшоў з хаты, яна была жывая і сядзела на канапе.
Следства не знайшло пацвярджэння гэтаму — на канапе не было слядоў крыві. Віктар забіў Тацяну, забраў з хаты грошы — 20 даляраў і тысячу расійскіх рублёў, мабільны тэлефон «Соні», сеў за стырно чужога аўта і паехаў катацца. Тысячу расейскіх рублёў ён «абмяняў» на тры бутэлькі гарэлкі, якія выпіў са сваім бацькам. Пасля гэтага зноў паехаў катацца. Потым лёг спаць у сястры.
У апошнім слове Віктар прасіў прабачэння, казаў, што «зрабіў вялікую памылку» і не хацеў забіваць Тацяну.