Збор подпісаў на фінішнай прамой: правакацыі і спад актыўнасці выбаршчыкаў
Андрусь ГАЁВЫ
13.06.2020
Этап збору
подпісаў ініцыятыўнымі групамі за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнта
падыходзіць да сканчэння. Ужо праз шэсць дзён усе сабраныя подпісы павінны быць
здадзеныя ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Што адбываецца на заканчэнні этапу
ў гарадах усходняга Палесся распавялі назіральнікі ў рэгіёне ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя
выбары».
Пікет за вылучэнне Андрэя Дзмітрыева ў Мазыры
Пад заслону этапу актывізавалася ініцыятыўная група Андрэя Дзмітрыева. У рэгіёне ў яе
ўваходзяць у асноўным чальцы аб’яднання «Гавары праўду». 6 чэрвеня два пікеты ў Рэчыцы наведала кіраўніца
ініцыятыўнай групы Таццяна Караткевіч.
Яна заваблівала мінакоў да сталоў, дзе збіралі подпісы, а таксама хацела
паўдзельнічаць у прэзентацыі праекту высечкі адной з зялёных зонаў горада і
пабудовы там мікрараёну шматпавярховікаў. Але прэзентацыю адмянілі за паўдня да
пачатку, таму Караткевіч здолела толькі пазнаёміцца з планам на паперы і
паглядзець на сам мяркуемы ўладамі да высечкі парк. Паводле інфармацыі
назіральніка Валера Пуціцкага, на
сустрэчу да Караткевіч нават выправілі карэспандэнта дзяржаўнай раённай газеты
«Дняпровец», які ўзяў у кіраўніцы ініцыятыўнай групы невялікае інтэрв’ю.
Сам прэтэндэнт у кандыдаты Андрэй
Дзмітрыеў 8 чэрвеня пабыў на пікеце ў Светлагорску, а 10 чэрвеня ў Мазыры і
Калінкавічах. Як паведамілі назіральнікі Алена
Маслюкова, Уладзімір Целяпун і Андрэй Мядзведзеў, прэтэндэнт у
гукаўмацняльнік абмалёўваў сваё бачанне сёняшняй сітуацыі ў краіне і яе
будучыні. Спачатку пікет у Мазыры сустрэла група прыхільнікаў Дзмітрыева, якія
актыўна з ім дыскутавалі, але пасля ахвочыя падпісацца з’яўляліся час ад часу.
Дзмітрыеў падзяліўся сваім бачаннем развіцця краіны і з Палескай Вясной.
Адметным з’явілася тое, што здымаць пікет Дзмітрыева ў Мазыры прыехала
здымачная група дзяржаўнага тэлеканала «Мозырь». Да пікетаў іншых
альтэрнатыўных дзеючаму прэзідэнту прэтэндэнтаў дзяржаўныя СМІ за ўвесь перыяд
збору подпісаў цікавасці не праяўлялі.
Ініцыятыўная група па вылучэнні Святланы
Ціханоўскай праводзіла пікеты ва ўсіх раённых гарадах да 13 чэрвеня. Зараз
перад ёй стаіць складаная задача здаць сабраныя подпісы ў тэрытарыяльныя
камісіі. Варта адзначыць, што за гэтую прэтэндэнтку жыхары ўсіх гарадоў
падпісваліся асабліва актыўна. Амаль ва ўсіх гарадах да пікетаў выстройваліся
чэргі.
Пікет за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у Калінкавічах
Пікет за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у Рэчыцы
Пікет за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у Хойніках
У Хойніках, як паведамляе
назіральнік Андрэй Мядзведзеў, пікет
зладзіла толькі ініцыятыўная група Святланы
Ціханоўскай. За ім назірала адна з супрацоўніц райвыканкаму. Таксама,
паводле інфармацыі Андрэя Мядзведзева, на гэтым пікеце адзначаная магчымая
правакацыя, калі нейкі грамадзянін спрабаваў даць чальцам ініцыятыўнай групы
буйную суму наяўных грошай нібыта на бензін для паездак па краіне. Праўда, ён
памыліўся і пачаў прапаноўваць яе назіральніку. Рабіў ён гэта вельмі ўпарта,
літаральна пхаючы скрутак буйных купюраў у кішэню. Пасля таго, як назіральнік
рашуча адмовіўся, мужчына з грашыма хутка сышоў з месца правядзення пікета.
Супрацоўніцы Хойніцкага райвыканкама каля пікету за Святлану Ціханоўскую ў Хойніках
Падобная магчымая правакацыя заўважаная і на пікеце за Ціханоўскую ў
Светлагорску. Як паведаміла назіральніца Алена
Маслюкова, паўз чаргу жадаючых падпісацца прайшоў нейкі чалавек, якія адмыслова
выкінуў з кішэні некалькі даляравых купюраў. Людзі, якія стаялі ў чарзе, пачалі
казаць чалавеку, што ён згубіў грошы, але ён зрабіў выгляд, што не чуе. Пры
гэтым здаля за пікетам назіралі з аўтамабіля некалькі спартовага складу хлопцаў
у цывільным адзенні.
Як паведаміў назіральнік Валер
Пуціцкі, улады звярнулі ўвагу на пікет па зборы подпісаў за Святлану
Ціханоўскую і ў Рэчыцы. На размешчаным непадалёк прыпынку грамадскага
транспарту, схаваўшыся за агароджу, доўга сядзела кіраўніца аддзелу ідэалогіі
мясцовага райвыканкаму Святлана
Краўчанка.
Пікет за вылучэнне Віктара Бабарыкі ў Рэчыцы
Пікет за вылучэнне Віктара Бабарыкі ў Калінкавічах
Таксама ва ўсіх палескіх гарадах, ахопленых доўгатэрміновым назіраннем,
працавала ініцыятыўная група Віктара
Бабарыкі. Актыўнасць ля яе пікетаў была меншаю за пікеты Ціханоўскай, але,
усё ж, людзі ўвесь час падыходзілі падпісвацца. У Калінкавічах адзін з пікетаў
за Бабарыку размяшчаўся побач з пікетам за Ціханоўскую, і многія з тае чаргі
падыходзілі і падпісваліся яшчэ і за Бабарыку.
Пікет за вылучэнне Віктара Бабарыкі ў Светлагорску
8 чэрвеня на пікеце за сваё вылучэнне ў Рэчыцы прысутнічала Ганна Канапацкая чамусьці з яшчэ адной
прэтэндэнткай Вольгай Кавальковай.
За апошнюю пікетаў не было і подпісы не збіралі, таму мэта яе прыезду не зусім
зразумелая. А Канапацкая выказала незадаволенасць дзейнасцю правабарочай
супольнасці і ў прыватнасці кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Менш было заўважна пікетаў за вылучэнне Валерыя Цэпкалы. Сталы пікет працаваў толькі ў Светлагорску. Як
паведаміла назіральніку каардынатарка групы ў Калінкавічах, яны ў асноўным
працуюць праз выклікі дадому цераз адмысловы інтэрнэт-сэрвіс.
Таксама ва ўсіх палескіх гарадах працавалі збіральнікі подпісаў за Сяргея Чэрачня. Але многія іх пікеты
былі слаба заўважныя, бо ў збіральнікаў былі толькі тэчкі з падпіснымі лістамі.
Хаця і на некалькіх пікетах, дзе прысутнічалі адмысловыя стойкі з партрэтам
патэнцыйнага кандыдата, не было заўважна вялікай актыўнасці ахвочых
падпісацца.
Пікет за вылучэнне Сяргея Чэрачня ў Калінкавічах
У Мазыры яшчэ час ад часу з’яўляўся пікет, на якім адзін чалец адразу некалькіх
ініцыятыўных групаў збіраў подпісы за Ганну
Канапацкую, Юрыя Губарэвіча, Андрэя
Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня. У апошні тыдзень актыўнасць ахвочых падпісацца
на гэтым пікеце была досыць слабай.
Пікетаў за вылучэнне Аляксандра
Лукашэнкі на прайшоўшым тыдні ні ў адным горадзе Палесся, дзе ажыццяўляецца
доўгатэрміновае назіранне, не заўважана.