Станцыя Рэчыца пераняла эстафету па сыходзе вагонаў з рэек
Палеская Вясна
28.08.2019
Як вядома, за апошнія месяцы на Беларускай чыгунцы адбылося некалькі выпадкаў сыходу вагонаў з рэек, інфармацыя пра якія трапіла ў медыі. Адзін з іх, калі недалёка ад Воршы сыйшлі цыстэрны з газам, выклікаў сур’ёзную затрымку руху цягнікоў і ўяўляў істотную небяспеку. Чарговае здарэнне падобнага кшталту зафіксаванае 27 жніўня на станцыі Рэчыца Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале NEXTA Lite паведаміў вядомы блогер NEXTA.
Як вынікае з рассылкі Беларускай чыгункі пра здарэнні, падчас перастаноўкі 14-ці вагонаў з шостай каляіны на дзявятую маняўровым цеплавозам ЧМЭЗ-1164 вагонамі наперад на чацвёртым скідвальным вастыку два вагоны з вугалем сыйшлі з рэек. Па хадзе руху гэта былі 10 і 11 вагоны. Першы саскочыў усімі чатырма колавымі парамі, а другі – двума. Вагоны належалі кампаніі «РЖД», якая кіруе чыгункамі ў Расіі.
Зараз кіраўніцтва Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі займаецца расследаваннем здарэння.