З Лоева сагналі трактар-помнік. Лоеўцы ў пошуках рарытэту
Мікалай АНІСАВЕЦ
14.08.2019
Вось ужо некалькі тыдняў жыхары Лоева турбуюцца і задаюцца пытаннем: «Куды знікла мясцовая рэліквія – трактар "Універсал 1" Харкаўскага трактарнага завода 1934 года выпуску?» Ён быў усталяваны ў 1966 годзе на пастаменце каля прахадной Лоеўскай райсельгастэхнікі (цяпер ААТ «Лоеўскі агратэхсэрвіс») тагачасным кіраўніцтвам раёна і Лоеўскай райсельгастэхнікі да 30-гадовага юбілею заснавання Лоеўскай МТС. Упарта хадзілі чуткі, што Агратэхсервис, які знаходзіцца ў глыбокім крызісе, аддаў трактар камусьці за даўгі і ён ужо прададзены незваротна.
З гэтай нагоды многія лоеўцы звярталіся з запытамі да старшыні Лоеўскага райвыканкама, у пракуратуру, райгазету «Лоеўскі край", да дэпутатаў райсавета. Днямі заяўнікі атрымалі пісьмовы адказ за подпісам намесніка старшыні Лоеўскага райвыканкама Сяргея Далгалёва.
Ён паведаміў, што «трактар часова перададзены ААТ «Гомельаблаграсэрвіс» для падрыхтоўкі да ўдзелу ў мерапрыемствах, якія будуць праводзіцца ў рамках наведвання дэлегацыяй Прыморскага края Расійскай Федэрацыі горада Гомеля і абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі 2019», якое адбудзецца ў г. Петрыкаве». Пасля правядзення мерапрыемстваў трактар абяцаюць вярнуць у Лоеўскі агратэхсэрвіс.
Але жыхароў Лоева не зусім задаволіў такі лаканічны адказ, бо ён не вырашыў іншыя пытанні, узнятыя ў зваротах грамадзян. Па-першае, чаму Лоеўскі агратэхсэрвіс, які паводле сведчання Сяргея Далгалёва не з'яўляецца ўласнікам трактара «Універсал 1», перадае яго, як сваю ўласнасць, у карыстанне iншым суб'ектам гаспадарання? Па-другое, гэты трактар, насамрэч, не проста трактар – сёння гэта помнік эпохі калектывізацыі і пад'ёму эканомікі раёна ў пасляваенны час. Да таго ж, гэты значны для рэгіёну гістарычны аб'ект мае вялікі сацыяльны і эстэтычны кантэнт, таму яго і выкарыстоўваюць на выставах.
Але чаму гэты помнік, які з'яўляецца несумненнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Лоеўскага раёна, юрыдычна і фактычна нікому не перададзены ва ўласнасць? Чаму яму не прысвоены статус помніка і адсутнічае ахоўны знак? І чаму кіраўніцтва Лоеўскага раёна зараз нічога не робіць, каб надаць яму адпаведны статус і правесці яго мемарыялізацыю з перадачай пад юрысдыкцыю раённаму музею і ўключэнне ў экспазіцыю на музейнай пляцоўцы ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам?
Відавочна, што пасляваеннае жыццё наш народ ўздымаў не толькі танкамі, але і трактарамі? Трактар «Універсал 1», як рарытэт, цяпер мае вялікую калекцыйную значнасць і, адпаведна, высокую матэрыяльную вартасць. Таму жыхары Лоева мяркуюць, што менавіта з-за гэтай акалічнасці камусьці выгадна, каб ён не меў сёння гаспадара і статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Вельмі хочацца камусьці, пры зручным выпадку, скарыстацца чужой спадчынай. Усё гэта падштурхнула лоеўцаў звярнуцца па падтрымку да кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама і Адміністрацыі прэзідэнта.