Свята пераемнасці былых і цяперашніх жыхароў адбылося ў арт-вёсцы пад Рэчыцай
Андрусь ГАЁВЫ
31.07.2019
Заснавальнікі арт-вёскі Чырвоны Кастрычнік у Рэчыцкім раёне шукаюць ранейшую гісторыю паселішча. Каб даведацца чым жыла закінутая калісьці сваімі жыхарамі вёска, туды запрасілі яе былых насельнікаў з розных месцаў Беларусі.
Зміцер Янкоў – адзін з даўншыфцераў, які разам з сябрамі колькі год таму выкупіў усе закінутыя дамы, якія не паспеў закапаць мясцовы сельсавет, у аддаленай вёсцы, гаворыць, што ў цяперашніх жыхароў нарадзілася жаданне даведацца ранейшы бэкграўнд паселішча. Таму яны і вырашылі арганізаваць свята для былых жыхароў.
Паселішча існуе ўсяго на працягу аднаго чалавечага жыцця – менш за 100 гадоў. У 20-я гады мінулага стагоддзя, калі сялянам давалі ва ўласнасць некалі панскую зямлю, сюды з іншых навакольных вёсак прыехалі некалькі людзей і заснавалі Чырвоны Кастрычнік. Потым у жыхароў зноў усё адабралі, загнаўшы ўсіх у калгас, але людзі працягнулі жыць на пагорках сярод дняпроўскай поймы. У лепшыя часы ў Чырвоным Кастрычніку было 33 жылыя дамы і жыло каля 150 чалавек. У пасёлку не было школы, а вакол – амаль штогод разліваўся Дняпро, злучаючыся з азёрамі-старыцамі і ўтвараючы суцэльнае мора. Дзеці ў бліжэйшую школу за 6 кіламетраў плылі на чоўнах, а потым ішлі пешкі праз лес. Ранейшыя жыхары Чырвонага Кастрычніка ўзгадваюць часы свайго дзяцінства з трапяткімі пачуццямі.
Мікалай Пінчукоў з'ехаў з Чырвонага Кастрычніка адразу пасля школы. Цяпер стала жыве аж у Карэліі. Там нарадзіліся ягоныя дзеці.
«Тут мы з маленства працавалі. У шэсць гадоў – ужо ішлі ў поле дапамагаць бацькам, а ў чатырнаццаць – ужо лічыўся дарослым. Канешне, многія пасля сканчэння школы з'язджалі вучыцца, ды найчасцей там недзе на чужыне і заставаліся. А цяпер вось прыязджаеш сюды і думаеш: вярнуць бы ўсё гадоў хаця б на трыццаць», – гаворыць былы жыхар Чырвонага Кастрычніка.
Паступова з вёскі з'ехала моладзь, а старыя памерлі, альбо іх забралі дзеці ў гарады. Цяпер жа, тыя, хто памятае як жыла калісьці шматлюдная вёска, сабраліся на яе двух амаль пустых вуліцах, каб перадаць эстафету з мінуўшчыны ў будучыню.
З Дзяржынскага раёна, што пад Менскам, прыехала на сустрэчу жыхароў Эма Мечаслаўская. Яна падчас вучобы ў сталіцы выйшла замуж, а мужа паслалі працаваць у Кіргізію, дзе доўгі час і жылі. Вярнуліся ў Беларусь пасля знікнення Савецкага Саюза, але аселі даволі далёка ад роднай вёскі спадарыні Эмы.
«Мы ж тут жылі, як на выспе. Дняпро разліваўся вельмі хутка. А нам у школу – некалькі кіламетраў. Аднаго разу, памятаю, прыйшлі са школы, выйшлі з лесу, а луг ужо ўвесь заліты. Мы на тым беразе бегаем, бацькі на гэтым. Потым ужо старэйшыя хлопцы падыйшлі ды чоўнамі нас паперавозілі. Але ж, дзе б мы ні жылі – тут у нас радзіма. Нават вось трава такая – аўсяніца, у нас там у Дзяржынскім раёне не расце. Дык я вось вырвала – хочу ў сябе ў двары пасадзіць, каб нагадвала пра нашыя пясчаныя пагоркі Чырвонага Кастрычніка», – распавяла Эма Мечаслаўская.
Падчас сустрэчы людзі склалі план ранейшай вёскі і пазначылі дзе былі чые хаты. У планах арганізатараў свята і цяперашніх гаспадароў Чырвонага Кастрычніка візуалізаваць здабытую інфармацыю, усталяваўшы на месцы былых хат і каля існуючых шыльды з расповядамі пра ранейшых гаспадароў, фотаздымкамі тагачасных жыхароў.