ЦВК не дазволіла жыхарам Рэчыцы і Мазыра паспрабаваць сабраць подпісы за сваё вылучэнне кандыдатамі на прэзідэнта
Палеская Вясна
19.05.2020
15 і 19 траўня
Цэнтральная выбарчая камісія адмовілася рэгістраваць ініцыятыўныя групы больш
як трыццаці прэтэндэнтаў на кандыдацтва.
У ліку так званых «кандыдатаў пратэста», якія
падтрымліваюць палітыка Міколу Статкевіча, ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі
ініцыятыўных груп Сяргея Статкевіча
з Рэчыцы і Уладзіміра Неўмяржыцкага
з Мазыра.
Сяргей Статкевіч і Уладзімір Неўмяржыцкі, як і іншыя,
каму не далі паспрабаваць вылучыцца кандыдатам падчас прэзідэнцкай выбарчай
кампаніі, пазбаўленыя актыўнага выбарчага права з-за таго, што нібыта сярод
чальцоў ініцыятыўных групаў, спісы якіх яны падалі ў ЦВК, знайшліся людзі, якія
не ведалі, што іх туды запісалі, альбо тыя, хто быў запісаны адразу ў некалькі
групаў. Каму канкрэтна тэлефанавалі з ЦВК на паседжанні камісіі не паведамілі.
Прэтэндэнты на кандыдацтва, якім адмовілі ў рэгістрацыі,
лічаць, што, згодна з Выбарчым кодэксам, на гэтай стадыі выбарчая камісія не
мела права тэлефанаваць тым, хто запісаны ў ініцыятыўныя групы, каб спраўдзіць
іх асобы і намеры. Гэта дазваляецца толькі адносна людзей, якія паставілі
подпіс за вылучэнне канкрэтнага чалавека кандыдатам.
Некаторыя патэнцыйныя кандыдаты абскардзілі рашэнне ЦВК у
Вярхоўным Судзе. На палову на трэцюю гадзіну дня 19 траўня былі прызначаныя судовыя паседжанні па
разглядзе скаргаў. Але ў адну з залаў Вярхоўнага Суда перад пачаткам паседжання
ўварваліся людзі ў цывільным у суправаджэнні міліцыянтаў і затрымалі тых, хто
спрабаваў дамагчыся судовай абароны сваіх правоў. Афіцыйная версія прычыны
затрымання – на людзях былі апранутыя майкі, якія не спадабаліся кіраўніцтву
суда.
Майкі, якія не спадабаліся кіраўніцтву суда. Скрын-шот з відэа затрымання.
Сярод затрыманых у Вярхоўным Судзе быў і актывіст з
Мазыра Уладзімір Неўмяржыцкі. Сямёра затрыманых прэтэндэнтаў на кандыдацтва гвалтам вывелі з будынку Вярхоўнага
Суда, пасадзілі ў аўтобус і звезлі ў невядомым накірунку.
Моман затрымання. Скрын-шот з відэа затрымання.