Лукашэнка знайшоў кіраўніка для Гомельскай вобласці. На Меншчыне
Палеская Вясна
30.07.2019
Лукашэнка сваім указам прызначыў новага старшыню Гомельскага аблвыканкаму, месца якога было вакантным больш за тры месяцы.
Генадзь Салавей. Фота: gp.by
Кіраўнічы фатэль у галоўным кабінеце выканаўчага камітэта вобласці зойме Генадзь Салавей – нараджэнец Нясвіжскага раёна Менскай вобласці, які ўсю сваю кар’еру будаваў у аграрным сектары Нясвіжскага і Клецкага раёнаў. У апошнім ён шэсць гадоў быў старшынёй райвыканкаму. Потым ненадоўга вярнуўся ў Нясвіж пакіраваць гэтым раёнам. А год таму, пасля раптоўнага звальнення выхадца з Рэчыцкага раёна Аляксандра Мікалуцкага, яго кінулі на Гомельшчыну ў дапамогу тады яшчэ старшыні тутэйшага аблвыканкама Уладзіміру Дворніку.
Генадзь Салавей год адпрацаваў першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму – зразумела ж, курыраваў пытанні сельскай гаспадаркі. Калі пасля скандалу з «обосранными» каровамі ў Шклоўскім раёне Лукашэнка забраў Уладзіміра Дворніка на пасаду аграрнага віцэ-прэм’ера замест выпраўленага назіраць за Магілёўшчынай Міхаіла Русага, Салавей застаўся выконваць абавязкі старшыні Гомельскага аблвыканкама. Відаць, нават нягледзячы на шэраг скандалаў у аграрным сектары вобласці, трохмесячны выпрабавальны тэрмін Лукашэнку задаволіў, і ён прызначыў выхадца з Меншчыны кіраваць Гомельскай вобласцю. На самой Гомельшчыне больш вартых такога найвышэйшага даверу не знайшлося.