«Работнікі ЗБЦ, вы атрымліваеце «папяцьсот» за кошт здароўя нашых дзяцей». Жыхар Якімавай Слабады звяртаецца да беларусаў
Палеская Вясна
20.07.2019
Васіль Грыненка з вёскі Якімава Слабада, што побач са Светлагоркам, сабраў розныя лічбы і факты і выказаў сваё абурэнне ў звароце, які даслаў у рэдакцыю Палескай Вясны.
«Мой зварот выкліканы паводзінамі чыноўнікаў, якія 31 траўня на пасяджэнні ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу расхвальвалі, які цудоўны Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат і які добры завод беленай цэлюлозы ў ягоным складзе збудавалі.
Там прыводзілі лічбы, што за кошт Светлагорскага ЦКК доля прадукцыі дрэваперапрацоўкі ў валавым унутраным прадукце павялічылася да 5,5%, а аб’ём экспарту ўзрос на 400 мільёнаў даляраў. Пры гэтым, маўляў, сэканомілі $ 534 млн., што дазволіла выйсці на агульны памер экспарту ў $ 2,5 мільярды.
31 траўня ў Палаце прадстаўнікоў казалі, што Завод беленай цэлюлозы ў складзе Светлагорскага ЦКК мусіць быць уведзены ў эксплуатацыю ў IV квартале 2019 года. Я яшчэ ў 2012 годзе, калі яго толькі хацелі пабудаваць, казаў, што гэты завод ніколі не запусціцца на поўную магутнасць. Бо праектавалі яго паводле старой тэхналогіі, абсталяванне збіралі абы-дзе. Увесці завод у эксплуатацыю павінны былі яшчэ ў 2015 годзе. Але я меў рацыю – завод не ўведзены і цяпер. І наўрад ці будзе ўведзены ўвогуле. Бо пабудаваны няякасна. І дах, які нядаўна абрынуўся ў адным з цахоў, гэта пацвярджае.
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, наведваючы ЦКК, сказаў, што завод беленай цэлюлозы працуе на 60% сваёй магутнасці. Я сцвярджаю, што тыя, хто падсунуў яму такую лічбу, мякка кажучы, лукавяць. Паводле маіх падлікаў, ён зараз працуе недзе на 36%. Бо магутнасць завода – 400 тысяч тон цэлюлозы на год. 60% ад гэтай лічбы – гэта 240 тысяч тон на год. А дзе тая цэлюлоза?
Найбольш здзіўляе і абурае тое, што прадстаўнік Савета Міністраў, выступаючы 31 траўня ў Палаце прадстаўнікоў, нічога не сказаў пра шкодны ўплыў Завода беленай цэлюлозы на навакольнае асяродзе і здароўе жыхароў вёскі Якімавай Слабады, якая знаходзіцца зусім побач з заводам, і 70-тысячнага горада Светлагорска. А менавіта гэтае пытанне нас найбольш хвалюе.
У прэсе былі апублікаваныя звесткі, што на кожнага жыхара Беларусі даводзіцца 270 кубаметраў лесу. Калі я пачуў гэтую лічбу, я жахнуўся. Я доўгі час працаваў на розных дрэваапрацоўчых прадпрыемствах поўначы Расіі. Там адзін лесазавод у змену перапрацоўвае па 700 кубаметраў лесу.
Але самае галоўнае, што гэты завод труціць паветра, нашую прыгажуню-Бярэзіну. Рака ўжо цяпер атручаная. Я некалі назіраў у Архангельскай вобласці, як там атруцілі Паўночную Дзвіну, Анегу. У рэчках не было нават яршоў. Сёння атруцілі і Бярэзіну. У ёй амаль знікла рыба. Атручваецца паветра. А я ведаю цэлюлозную вытворчасць і яе шкоднасць не па чутках. І менавіта таму я ад самай задумкі пабудовы такога завода ў нашым густанаселеным раёне, выступіў зацятым праціўнікам такой будоўлі.
Я хочу звярнуцца да ўсіх грамадзян Беларусі і яе кіраўніцтва. Тое, што здольны зарабіць гэты завод беленай цэлюлозы, непараўнальнае з той шкодай, якую ён нясе нашай прыродзе, нашым дзецям. Рабочыя ЗБЦ, тыя грошы, тыя па пяцсот даляраў вашых заробкаў, пра якія рапартуюць вашыя кіраўнікі, вы зарабляеце коштам здароўя вашых і нашых дзяцей. Гэтыя грошы вам плоцяць дзеці. Ці вартыя тыя грошы будучыні нашых новых пакаленняў?..»
Падрыхтаваў Андрусь ГАЁВЫ