Уявіце сабе такую сітуацыю: ствараецца генплан горада, напрыклад нашага Светлагорска. Сабраная ўся неабходная інфармацыя. У прыватнасці сярэднямесячная колькасць атмасферных ападкаў. Планіроўшчыкі канстатуюць: дажджы будуць абавязкова… але лужын на асфальце і раўчукоў ня будзе. Ня будзе і ўсё. Таму ліўневую каналізацыю будаваць ня трэба. Не цяжка ўявіць, што будзе з горадам пры рэлізацыі такога генплана.
У аналагічную сітуацыю якраз трапіў Светлагорск і акаляючыя населеныя пункты пасля рашэння аб будаўніцтве на базе Светлагорскага ЦКК завода беленай цэлюлёзы (ЗБЦ).
Рашэнне аб будаўніцтве завода беленай цэлюлёзы (ЗБЦ) на базе ААТ Светлагорскі цэлюлёзны камбінат (СЦКК) было прынятае і даведзенае да ведама жыхароў Светлагорска і раёна у пачатку 2012 года. На грамадскіх слуханнях па гэтаму пытанню светлагорцам было абяцана, што праектам будзе прадугледжана поўная ліквідацыя дрэннапахнучых газаў (меркаптанаў і іншых сераарганічных злучэнняў) на ўстаноўках газаачысткі і канчатковага спальвання на спецыяльных газавых гарэлках. Але болей за 95 адсоткаў удзельнікаў выказалася супраць гэтага будаўніцтва ў Светлагорску.
Метантыёл (метылмеркаптан CH3SН) характэрны тым, што валодае страшэнна непрыемным пахам нават у нязначных канцэнтрацыях. У навуковай літаратуры даюцца розныя парогі арганалептычнай адчувальнасці метантыёлу. Так у «Кароткай хімічнай энцыклапедыі» (Т.3, ст. 121, Масква, изд. «Советская энциклопедия» 1964г.) пах адчуваецца пры канцэнтрацыі 2х10-9 мг/л. Канцэнтрацыя 2,17х10-9 арганалептычна адчуваецца паводле дадзеных кнігі «Основные начала органической химии» Т. 1 А.Е Чичибабин, Госхимиздат, Москва, 1954.
Менавіта з гэтых невялікіх трубачак на даху завода адбываецца выкід самых шкодных рэчываў.
Метантыёл у 1,7 разa цяжэй паветра і таму канцэнтруецца ў нізкіх месцах. Адносіцца да 2-га класа небяспекі. Гранічна–дапушчальная канцэнтрацыя ў жылой зоне Беларусі – 0,009мкг/м3.
Са спецыяльнай літаратуры па вытворчасці цэлюлёзы, выдадзенай яшчэ ў 2005 годзе быў вядомы тэхналагічны працэс атрымання цэлюлёзы без утварэння метантыёлу (працэс перыядычнай варкі з халоднай выгрузкай). Але для Светлагорскага ЗБЦ быў запраектаваны і рэалізаваны працэс бесперапыннай варкі з гарачай выгрузкай, пры якім гэтае рэчыва утвараецца. Пры пачатку пусканаладачных работ у лістападзе 2017 года страшэнны смурод накрыў вёску Якімава Слабада і быў адчувальны нават за 20-25 км ад завода.
Пры гэтым кіраўніцтвам Мінпрыроды было прынята рашэнне ліквідаваць аналітычную лабараторыю пры Светлагорскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. А лабараторыя была абсталявана сучасным аналітычным абсталяваннем і ўкамплектована вопытнымі хімікамі-аналітыкамі. І сэртыфікавана ў органах Дзяржстандарта адпаведна заканадаўству. Гэта што? Выпадковае супадзенне? Нярэдкая нестыкоўка працы двух ведамстваў? Надта падазрона, надта сумнеўна!
Усе, датычныя да праектавання і будаўніцтва завода кітайскімі спецыялістамі не маглі не ведаць пра абавязковае утварэнне і выкіды тыёлаў. Але не спецыялісты канцэрна «Беллеспаперапрам», ні галіновыя навукоўцы, якія так «распіналіся» пра бясшкоднасць вытворчасці для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей не парупіліся пра самае відавочнае і неабходнае. Пра распрацоўку методык аналізу утрымання тыёлаў у атмасферным паветры і набыцці неабходнага для гэтых аналізаў лабараторнага абсталявання. Ад 2012 года і да гэтага часу методык так і няма! Чаму? Сямі гадоў не хапіла? Ці нейкае уплывовае ведамства ў гэтым надта не зацікаўлена?
Праўда, паводле неправеранай інфармацыі, СЦКК набыў фраматограф і нават вымярае канцэнтрацыі тыёлаў у рабочых памяшканнях.
А ў жылой зоне ня мерае ніхто. Кіраўніцтва і абласной, і раённай санітарных службаў з настойлівасцю, вартай лепшага ўжывання, пераконвае людзей у бясшкоднасці метантыёла ў нізкіх канцэнтрацыях. Гэта нягледзячы на тое, што даследванні расійскіх навукоўцаў выявілі адваротнае:
Кавальскі Юрый Рыгоравіч, доктар медыцынскіх навук, Далёкаўсходні дзяржаўны медыцынскі універсітэт:
Філонаў Віталь Аляксеевіч, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Далёкаўсходні дзяржаўны медыцынскі універсітэт:
Якія ў рэальнасці канцэнтрацыі метантыёлу у паветры Якімавай Слабады? Ня ведае ніхто!
Ці ня дзіўна і тое, што сувязямі з медычнымі установамі Расіі займаюцца грамадскія актывісты, а не кампетэнтныя дзяржаўныя ўстановы!?!
А далей – самае цікавае: пры азнаямленні з архітэктурным праектам ЗБЦ, актывісты спачатку не паверылі сваім вачам - ва ўсім праекце метантыёл (CH3SH) не згадваецца наогул!!! ( Дождж і снег ідуць, а вады ня будзе, ліўнёўка не патрэбная?!)
Гэта як разумець? Кітайскія праектанты такія непісьменныя ў хіміі? А беларуская галіновая навука куды глядзела?
Глядзім праект далей! Карты-схемы разлікаў санітарна-ахоўных зон для ўсіх інгрыдыентаў шкодных выкідаў у атмасферу, распрацаваных УП «Белпрампраект». Фантастыка! Дж. Толкіен у пары з Урсулай Ле Гуін адпачываюць!
У кожным эліпсе рассейвання, якія накрываюць частку жылой забудовы, акуратныя прастакутныя выразы па лініях якіх і праведзена мяжа САЗ (санітарна-ахоўнай зоны). Якім чынам выкіды ня патрапяць за гэтую «забароненую» мяжу ў людскія хаты ўцяміць немагчыма.
Дзе тыя нябачныя вентылятары? Мо праектанты САЗ разам з кіраўніцтвам СЦКК маюць сувязь са звышнатуральнымі сіламі і неяк падкупілі тыя сілы. Таму вецер будзе дзьмуць на слабадскія дамы, а бясплотныя духі будуць шкодныя газы ці то не прапускаць, ці то паглынаць?
На погляд аўтара гэтага артыкула адказы на частку гэтых пытанняў (праектаванне і будаўніцтва ЗБЦ) крыюцца ў той частцы указа кіраўніка дзяржавы пра будаўніцтва ЗБЦ, якая дазваляе кітайскай фірме пры будаўніцтве карыстацца асобнымі правіламі і нормамі КНР. Вось кітайцы і напраектавалі і пабудавалі. І дыхаць у Слабадзе немагчыма, і дах пачынае валіцца! Хто ж насмеліцца ім запярэчыць, калі галоўны чалавек у дзяржаве дазволіў? Вось ніхто і не пярэчыў!
Магчыма ў КНР, жорсткай, аўтарытарнай дзяржаве, дзе ці ня горшая ў свеце экалагічная абстаноўка, на такія «дробязі», як меркаптанавы смурод наогул ніхто не звяртае ўвагі. Думалі – і беларусы выцерпяць, «прынюхаюцца»? Не атрымалася, панове ўладатрымальнікі!
Адказ на пытанне, чаму дагэтуль няма аналітычнага кантролю канцэнтрацый метантыёлу найпрасцейшы – не паступала каманда! А ініцыятыву праявіш – можна і «па галаве» атрымаць! Каманда зрэшты паступіла – з плошчы каля царквы у Якімавай Слабадзе, дзе сабралася не адна сотня абураных грамадзянаў. Ды не спяшаюцца чамусьці кіраўнікі «Беллеспаперапрама» і галіновай навукі выконваць гэтую каманду. Відаць, не адтуль паступае!
А сфальсіфікаваная санітарна-ахоўная зона хутчэй за ўсё вынік патрабаванняў заказчыка (СЦКК, канцэрна), ухваленых у высокіх інстанцыях, да выканаўцы-праектанта (УП “Белпрампараект”). «Хто плоціць, той замаўляе музыку»!
Гэтыя «асабістыя меркаванні» аўтара могуць быць і памылковымі. Толькі наўрад ці!
Вадзім БОЛБАС, хімік-тэхнолаг, эколаг, былы супрацоўнік Светлагорскага ВА "Хімвалакно" і Светлагорскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.