Амелькаўшчына: свята на парослых лесам развалінах. Былыя жыхары адселенай пасля Чарнобыля вёскі святкуюць прыстольнае свята – Тройцу
Андрусь ГАЁВЫ
18.06.2019
Амелькаўшчына не трапіла ў 30-кіламетровую зону за калючы дрот. Але паводле афіцыйных пастановаў заехаць у яе магчыма толькі з дазволу адміністрацыі зонаў адчужэння. Вёску адсялялі ў так званую другую чаргу, калі праўда пра Чарнобыль адкрылася і ўлады больш пільна ўгледзеліся ў брудныя радыёактыўныя плямы вакол 30-кіламетровай зоны. Сёння ўжо многія з тых, хто з 1986-га па 1991-ы жыў у Амелькаўшчыне, ляжаць на мясцовых могілках. Каля іх і ладзяць вяскоўцы сустрэчу на Тройцу, якая калісьці лічылася тут прыстольным святам.
Калодзеж у здзічэлым бэзе
Каля сотні чалавек з розных куткоў нашай краіны і з іншых дзяржаваў з’ехаліся ў родную вёску 16 чэрвеня. Людзі прайшліся некалі такімі знаёмымі, а цяпер такімі непазнавальнымі вулкамі, дзе ў гушчары здзічэлага бэзу, разрослых ліпаў і сплеценага слівоўніка пахаваліся рэшткі разваленых хатаў.
«Вось гэтыя дзве бярозкі мы з братам пасадзілі, калі нам было гадоў па 14 - 15. Побач з калодзежам. Калодзеж спраўны быў, глыбокі. Журавель над ім. Дагэтуль яшчэ ямка бачная, – распавядае Вера Басава (у дзявоцтве Гуляй), стоячы каля развалінаў роднага селішча. – А як Чарнобыль бахнуў, я ўжо ў Гомлі жыла – як паехала пасля школы вучыцца, так і засталася. А 28 красавіка 1986 году да бацькоў з дзецьмі ехалі. Хто ж што казаў і ведаў пра тую радыяцыю?! Прыехалі, а тады ўжо суседка – доктарка, ды й кажа: “Гэты Чарнобыль паганы, радыяцыя можа і ў нас быць. Ты дзецям хоць якія шапкі апранай”. Ды хто ж тую радыяцыю тады бачыў, якія шапкі?! Такая пагода стаяла! Малыя і пад дажджом плёхаліся, і елі ж усё. Ды й потым яшчэ колькі разоў улетку ў вёску прыязджалі».
Вера Басава
Нябачная атрута рабіла сваю чорную справу. Хутка захварэў бацька. Сёння ён ужо ў лепшым свеце, хаця пасля высялення ў 1991-м нібыта жыў у чыстым Макаўі Гомельскага раёну. Старэйшаму сыну спадарыні Веры ў 1986-м было 5 гадоў.
«Тады, як сказалі, што ў нас болей за ўсе навакольныя вёскі радыяцыі ды што нас адсяляць будуць, хто куды паехаў. Хто ў Гродна, хто ў Брэст. Мая сястра была ў Расію падалася, ды не спадабалася ім там. Вярнуліся, а тады ўжо аселі з бацькамі ў Макаўі пад Гомлем. Ды бацьку ўсё адно гэтая чарнобыльская хвароба забрала – анкалогія. Пяць гадоў жа елі ўсё сваё – з агароду, мяса, яйкі, малако з каровы. Ніхто ж не ведаў. Я малых прывозіла. У мяне і сын старэйшы пацярпеў – таксама анкалогія шчытавіцы тае. Аперацыю рабілі. Папалячыліся!», – наракае Вера Басава.
У апошнія дзесяцігоддзі існавання ў Амелькаўшчыне жыло больш за паўтысячу жыхароў. Вёска была цэнтрам сельсавету, калгасу, мелася сярэдняя школа, крамы. У 1991-м з Амелькаўшчыны выселілі 173 сям’і.
«Нас на гэтае свята заўжды бацькі чакалі…»
Натхняльніца, галоўная збіральніца і адна з асноўных арганізатарак сустрэчы землякоў у Амелькаўшчыне – цяперашняя жыхарка Гомля Надзея Царанок. Для яе свята Тройцы і сустрэча на яе ў Амелькаўшчыне – галоўны дзень у годзе.
Надзея Царанок
«Сёлета мы ладзім гэтае свята ўжо ў дзявяты раз. Гэта нашае прыстольнае свята. Калісьці ўсе стараліся прыехаць на гэты дзень да бацькоў. Яны нас заўжды на Тройцу чакалі, – распавядае Надзея Царанок з дрыжыкамі ў голасе ды слязой, якая мімаволі заблішчэла ў куточках вачэй. – Цяпер гэтае свята сустрэчы з вёскай замяніла нам тыя прыезды да бацькоў».
Надзея Царанок сабрала ды выдала зборнік, прысвечаны Амелькаўшчыне. У ім – успаміны жыхароў, вершы, апавяданні, артыкулы з розных выданняў пра вёску і яе жыхароў. Назва кніжкі – «Амелькаўшчына – нашы карані».
«Я загадаў, каб і мяне тут пахавалі. Тады і мае дзеці сюды прыязджаць будуць»
Амелькаўцы накрылі сталы, падлучылі да электрагенаратара гукаўзмацняльную апаратуру. Артысты, якіх прывезлі з Рэчыцы з палацу культуры «Беларусьнафты», спяваюць песні, людзі кажуць у мікрафон сардэчныя словы. Адзін з гасцёў паднёс да мікрафона свой смартфон. У ім – запіс 1991 года. Гаворыць жанчына, якую ўся вёска ведала, як бабу Гэлю: «Родная мая вёсачка! Усё жыццё мы з табой пражылі разам, а памірацьмем паасобку…». Тады бабе Гэлі быў ужо 71 год.
Вялізную альтанку са сталом і дахам, а таксама капліцу на могілках дапамагаў будаваць нараджэнец Амелькаўшчыны Алег Прыматор. Ён жа – асноўны фундатар свята. Адразу пасля школы ён паехаў вучыцца ў Хойнікі ў вучылішча. Адтуль – заклікалі ў войска. А там застаўся спачатку на звыштэрміновую службу, а потым скончыў вайсковую вучэльню і служыў афіцэрам. Вайсковая служба кідала яго шмат у якія куткі былога СССР.
Алег Прыматор (фота: Васіль Грыгарэнка)
«Мы – людзі Савецкага Саюзу. А я, як вайсковец, дык ледзь не ўвесь яго аб’ехаў. Але тая вялізная краіна – гэта не Радзіма. Радзіма – тут! – кажа Алег Прыматор. – Зараз я жыву ў Маскве, маю сякую-такую сваю справу. А ў такой далечы асабліва адчуваеш, як цябе кліча твая зямля, людзі, сярод якіх гадаваўся. З кожным годам сярод тых, хто гуляе за сталом, усё менш і менш людзей з пакалення нашых бацькоў. А яшчэ некалькі год таму на нашыя святы і нашых настаўнікаў прывозілі».
«Мае бацькі пахаваныя на гэтых могілках. І я проста не магу сюды не прыязджаць. Кожную Радаўніцу мы тут, суботнік ладзім на могілках перад зімой, і на Тройцу – нашае прыстольнае свята – абавязкова тут. Раней мы святкавалі яе як мае быць. Падворкі ўпрыгожвалі галінкамі з клёну, з бярозы, рознымі зёлкамі. Гулялі людзі, у госці адно да аднаго хадзілі. Зараз вёска не жывая. Але на Тройцу мы ўдыхаем у яе жыццё. Я загадаў сваім дзецям, каб, калі і мой век скончыцца, і мяне на Амелькаўшчынскіх могілках пахавалі. Бо гэта значыць, што і мае дзеці сюды прыедуць. І зноў пачуюць нашыя замерлыя вуліцы людскія галасы».
На сваё прыстольнае свята адселеная вёска жыве. Далёка па пустых вуліцах чуваць спевы. Нехта танчыць, нехта плача, нехта ў задуменні ўзгадвае мінулае. Хаця б адзін дзень на год жыццё на выпаленай Чарнобылем зямлі віруе!
Фота аўтара