Актывісты з Акцябрскага перадалі ва Упраўленне аховы здароўя аблвыканкама 170 подпісаў за набыццё ў раён рэанімабіля
Ларыса ШЧЫРАКОВА
05.06.2019
Подпісы збіраліся амаль 4 месяцы. Часта актывістам даводзілася ў свае выходныя ехаць у вёскі раёну каб сабраць подпісы. Жыхары вёсак Гаць, Ламавічы, Красная Слабада бралі ў актывістаў падпісныя лісты і збіралі подпісы самастойна.
Збольшага людзі прыязна ставіліся да гэтай ініцыятывы, але былі і такія, якія не верылі ў магчымасць станоўчага рашэння, альбо апасаліся магчымага пераследу на працы за праяву грамадскай актыўнасці.
170 подпісаў жыхароў Акцябрскага раёну пад калектыўным зваротам з прапановай набыць сучасны рэанімабіль класа “С” для мясцовага шпіталю ў канцы траўня перадалі ў Гомельскае ўпраўленне аховы здароўя.
“У нас у раёне няма аніводнага рэанімабілю, толькі санітарныя машыны, у якіх няма аніякага абсталявання для аказання экстранай медычнай дапамогі. У іх ёсць толькі ложак. Былі выпадкі, калі людзі паміралі ў машыне, бо ім сваечасова не была аказана неабходная медычная дапамога. За апошнія некалькі год нават памерла дзіця і падлетак падчас транспартавання. Тое што мы жывем у глухой правінцыі не павінна быць перашкодай да атрымання якаснай экстранай медычнай дапамогі. Вёскі выміраюць не толькі таму, што людзі з’язджаюць з іх у іншыя месцы жыць і працаваць, а таму што насельніцтва там памірае ад хвароб”,
– кажа адна з арганізатарак збору подпісаў Вольга Павук.
У выпадку неабходнасці хворых даводзіцца везці ў Светлагорск, ці нават у Гомель. Але ў выпадку са Светлагорскам, дзе мясцовы шпіталь таксама вельмі слаба забяспечаны якасным ды сучасным медычным абсталяваннем, у жыхароў Акцябрскага раёну няма шанцаў на атрыманне там кваліфікаванай медычнай дапамогі нават у стацыянары.
“Мы ўсе вельмі спадзяемся на станоўчае рашэнне, - каментуе Вольга Павук, - жыхары рэгіёнаў таксама грамадзяне сацыяльна – арыентаванай дзяржавы Беларусі і кошт нашага шанцу на выратаванне не даражэй за райвыканкамаўскі “Туарэг”.
Вольга Павук лічыць, што жыхарам трэба грамчэй казаць пра свае праблемы, бо “пакуль мы маўчым – для дзяржавы мы нябачныя”. – падкрэслівае актывістка.
У выпадку, калі ў адказ на калектыўны зварот будзе атрымана адпіска, актывісты маюць намер абскарджваць рашэнне чыноўнікаў у вышэйстаячай інстанцыі і нават звяртацца ў суд, баронячы сваё права на атрыманне кваліфікаванай, экстранай, медычнай дапамогі.
Гомельская Вясна