То панос, то залатуха. Што не так з заводам беленай цэлюлозы ў Светлагорску?
Жорж Кунцэвіч
06.07.2022
>>
Завод беленай
цэлюлозы (ЗБЦ), пабудаваны кітайскай карпарацыяй “САМСЭ” ў Светлагорску,
па-ранейшаму адчувае сур’ёзныя праблемы з выпускам асноўнай прадукцыі.
Заяўленыя прем'ер-міністрам
Раманам Галоўчанкам тэмпы нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці аж да праектнай
магутнасці да 2-23 года не вытрымліваюцца.
Як паведамляюць “Палескай вясне” на ўмовах ананімнасці
працаўнікі завода, нядаўна тут выйшаў са строю… падшыпнік. І не маленькі,
двухтонны.
Паколькі пастаўшчыкі асноўнага абсталявання – кітайскія прадпрыемствы,
то лагічна, што найперш звярнуліся да іх. Аднак кітайцы, спаслаўшыся на
ўведзеныя супраць многіх беларускіх прадпрыемстваў міжнародныя санкцыі, адмовілі
ў пастаўцы падшыпніка.
Выручылі расійцы, вырабіўшы дэталь “кустарным” спосабам, але… Нешта пайшло не так і
тэхналагічны цыкл не вытрымліваецца.
Усе гэтыя прычыны, як і прагназавалася яшчэ на этапе
пусканаладачных прац, у чым, дарэчы, прызнаюцца і самі спецыялісты, прывялі да
таго, што з айчыннай якаснай
беленай цэлюлозай не ўсё гладка.
А само прадпрыемства загружанае зараз меней чым на палову сваіх вытворчых
магутнасцей.
Каб неяк выйсці з сітуацыі, на заводзе пачалі будаваць цэх
па вытворчасці мяшочнай крафт-паперы, у якасці сыравіны для якой будзе
выкарыстоўвацца цэлюлоза ўласнай вытворчасці. Першую партыю новай прадукцыі
плануюць атрымаць у снежні 2023 года. Калі ізноў нешта не здарыцца.