Дзеці з Рэчыцы палову сутак дабіраліся на адпачынак у Віцебскую вобласць. Зламаўся аўтобус
Палеская Вясна
04.06.2019
На кепскую работу аўтобуса бацькі звярнулі ўвагу яшчэ падчас пасадкі дзетак. Але транспартны сродак выправіўся ў рэйс.
Паслугу перавозкі дзетак з 6 і 11 школаў Рэчыцы ў аздараўленчы цэнтр «Жемчужина», што ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці, аказваў Аўтобусны парк № 3 г. Рэчыцы. А 8-й гадзіне раніцы 45 дзетак выехалі з Рэчыцы.
Каля 17-й гадзіны, калі група ўжо мелася быць на месцы, дзеці паведамілі бацькам, што аўтобус ужо некалькі гадзінаў стаіць у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Кіроўца спрабуе выправіць нейкую непаладку ў тэхнічнай частцы. Але потым для давозу дзяцей да месца прызначэння з Рэчыцы выправілі іншы аўтобус.
У санаторый дзеці прыехалі толькі а 20-й гадзіне. Харчаванне дзяцей падчас затрымкі аўтобусны парк не арганізоўваў. Дзеці елі тое, што ім далі з сабой бацькі і змаглі павячэраць ужо ў санаторыі.
Пра інцыдэнт паведамілі бацькі дзяцей у сацыяльных сетках.