На Гомельшчыне заяўленая серыя акцыяў супраць «дармаедскага» дэкрэту
Палеская Вясна
06.05.2019
З улікам 4-х раёнаў Гомеля пададзена 25 заявак на правядзенне мірных сходаў.
4 траўня вядомая першымі судовымі цяжбамі з «дармаедскімі» камісіямі жыхарка Гомеля Марыя Тарасенка заявіла ў кожным райцэнтры рэгіёну пратэстныя акцыі супраць дэкрэта аб дармаедах.
Марыя Тарасенка. Фота: Марыя Амеліна, belkagomel.by
Гамяльчанка сёлета дамаглася выключэння з базы незанятых у эканоміцы, аднак ужо ў наступным сітуацыя для яе можа паўтарыцца. Серыя пратэстных мерапрыемстваў заяўлена ў форме вулічных шэсцяў з удзелам да 10 чалавек у кожным. Плануецца выкарыстанне транспарантаў і лозунгаў, якія адлюстроўваюць мэты акцыяў.
«Я працягваю барацьбу з дэкрэтам аб дармаедах. Хачу звярнуць увагу грамадскасці на неканстытуцыйнасць «дармаедскага» дэкрэта, які ўрываецца ў прыватнае жыццё грамадзян, вядзе да прымусовай працы і дыскрымінацыі, уціскае права кожнага на выбар заняткаў»,
- заяўляе Марыя Тарасенка.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які кансультуе жанчыну ў прававых пытаннях, заяўляе, што ў справе Марыі Тарасенка распачатая стратэгічная цяжба, накіраваная на безумоўную адмену так званага «дармаедскага» дэкрэта.
«Мірнымі акцыямі пратэсту мы хочам падкрэсліць, што «дармаедскі» дэкрэт - гэта не праблема адной Марыі, гэта праблема паўмільёна беларусаў, якіх улада запісала ў катэгорыю не занятых. Наш пасыл - не занятыя усіх рэгіёнаў, аб'ядноўвайцеся, будзем маўчаць, заўтра пагрукаюць да кожнага!»,
- падкрэсліў юрыст.
Нагадаем, з 1 студзеня не занятыя грамадзяне аплочваюць падагрэў вады па «эканамічна абгрунтаваных тарыфах». Для Марыі Тарасенка гэтая паслуга падаражэла ў пяць з паловай разоў. А ўжо з восені з 1 кастрычніка «эканамічна абгрунтаваныя тарыфы» прад'явяць пры аплаце цеплазабеспячэння і газу.
Пакуль на самым версе не прынята рашэнне прад'явіць пацяжэлыя паслугі ЖКГ кожнаму з паўмільёна якія не былі заняты. 100% аплата прад'яўлена толькі уласнікам жылля, якіх, напрыклад, у Чыгуначным раёне Гомеля набралася не больш за дзвесце чалавек. Што рабіць з кожным практычна дзесятым беларусам, які не выплочвае ўнёскі ў ФСАН, урад мабыць пакуль не вырашыў.
Будзем спадзявацца, што актыўнасць простай хатняй гаспадыні з Гомеля дапаможа чыноўнікам зразумець абсурднасць ідэі змусіць чалавека працаваць любой цаной і за любую цану.
Гомельская Вясна