У Калінкавіцкім раёне дзіця патанула ў каналізацыйным калодзежы

Палеская Вясна 03.05.2019

Трагедыя здарылася ў адным з населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна 30 красавіка.

Пра гібель хлопчыка 2015 года нараджэння на сайце раённай газеты «Калінкавіцкія навіны» паведаміла намесніца начальніка мясцовага РАУС Марына Піліпец.

Яна распавяла, што паблізу прыватнага дома кампанія дзяцей гуляла ў хованкі. Побач знаходзілася маці загінулага дзіцяці, якая назірала за дзецьмі. Калі яна зразумела, што сын надоўга знік з поля зроку, кінулася сама на ягоныя пошукі. Іншыя дзеці не маглі ўцямна патлумачыць, дзе падзеўся хлопчык. Потым да пошукаў далучыліся сваякі і суседзі.

Выпадкова ў зарасніку хмызнякоў заўважылі незакрыты тэхнічны калодзеш сістэмы водазабеспячэння. Зазірнушы туды, зразумелі, што адбылася трагедыя.

Калодзеж мае глыбіню 2 метры, узровень вады ў ім складаў каля 1 метра.

Ці ўзбуджаная з факту гібелі дзіцяці крымінальная справа ў дачыненні да службовых асобаў арганізацыі, на балансе якой знаходзіўся незачынены калодзеж, міліцыянтка не паведамляе. Яна ўскладае адказнасць за падобныя інцыдэнты на бацькоў дзяцей і нейкіх «адказных асобаў», заклікаючы іх распавесці дзецям, што гуляць побач з адчыненымі калодзежамі небяспечна.

Таксама Марына Піліпец заклікае ўсіх неабыякавых паведамляць у выканкамы ці ЖКГ, калі аб выкрыцці незачыненых тэхнічным калодзежаў.