«А што есці, хіба ўсяго дакупішся? Усё з агарода». Як жывуць у «адроджаным» пасля Чарнобыля раёне

Андрусь ГАЁВЫ 26.04.2019

Нараўлянскі раён – адна з найбольш пацярпелых ад радыяцыі тэрыторыяў на планеце. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тут былі цалкам ліквідаваныя чатыры сельсаветы – жыхары адселеныя. Зараз агулам у раёне жыве крыху больш за 10 тысяч чалавек. Дзяржаўная прапаганда сцвярджае пра адраджэнне раёна пасля аварыі. Маўляў, наступствы Чарнобыля тут ужо пераадоленыя. Але ці так яно насамрэч, і што тут зроблена для жыхароў, пабачыў наш карэспандэнт.

Мёртвыя ў 40 гадоў. І цішыня…

Іван Віткоўскі зараз жыве ў Нароўлі, але родам з вёскі Грушаўка. Гэтае каталіцкае паселішча абавязковаму адсяленню не падлягала. Таму тут і дагэтуль жывуць людзі. Сам Іван у 1986-м працаваў на Чарнобыльскай АЭС. Ягоная сям’я і дзеці жылі разам з ім у Прыпяці. А ўлетку 1986 былі ў бабулі ў Грушаўцы.

Іван у першыя ж дні пасля выбуху працаваў на ліквідацыі наступстваў непасрэдна на станцыі. Ён быў электрыкам. Імкнуўся кантраляваць дозу, якую набіраў, але пазней хваробы праявіліся.

Vitkouski

Іван Віткоўскі

«Я лічу, што, калі б да тае дозы, што атрымаў на станцыі, не дабраў тут, калі прыехаў сюды на гэты «падножны корм», дык можа б у мяне такіх наступстваў і не было б. Арганізм змагаўся-змагаўся, але ўрэшце – здаўся. У мяне спачатку ніяк не хацелі звязваць аварыю з маімі захворваннямі. Проста ў мяне так яскрава ўсё было выражана і ведалі дзе я быў. А цяпер – памер і памер, інсульт, інфаркт. Але чамусьці гэтыя інсульты ды інфакты ў такім раннім узросце здараюцца…», – разважае ліквідатар.

Ён ужо некалькі гадоў не быў на нараўлянскіх могілках. А, заехаўшы туды сёлетней вясной, не мог схаваць жаху. Цэлыя шэрагі новых магілаў – ягоных равеснікаў і маладзейшых людзей. Канешне – гэта не статыстыка і не навуковыя дадзеныя, але такое відовішча прымушае задумацца.

«Ад дзяржавы нашай зараз – усё добра, усё цудоўна. Інфармацыі пра небяспеку, пра тое, што трэба кантраляваць прадукты – не ідзе ні ў якім разе. Адраджэнне! Трэба разворваць тыя землі. Той жа мазырскі саўгас «Зара» і ў нас тут пазаворваў усё, дзе што толькі можна. Гэта палітыка супраць свайго народа. Асабліва шкада дзяцей. Як яно адаб’ецца на генным узроўні?! У мяне сын і дачка неяк яшчэ «праскочылі», а ўнучка – і прытомнасць траціла. І адстае ў разумовым развіцці. І яна далёка не адна такая», – кажа Іван Віткоўскі.    

«Раней і дзяржава, здаецца, была бяднейшая. Але людзі мелі магчымасць выехаць з нашай зоны ў санаторыі, аздараўленне было. І гэта вельмі важна. Я гэта адчуваю на ўласным досведзе. Я – інвалід Чарнобыля трэцяй групы. Але тое, што я інвалід Чарнобыля – мне зусім нічога не дае. Аніякіх ільготаў. Я ўжо сам для сябе выпрацаваў прынцып, што трэба часам кудысьці з’язджаць. І падалей», – распавядае Іван пра сваю жарсць да падарожжаў.

Ён кажа, што кожны год выпраўляецца ў далёкія вандроўкі. Аб’ездзіў і Афрыку, і Азію, і Паўднёвую Амерыку. Сёлета збіраецца ажно ў Эквадор.

«Скажу шчыра – не ведаю які механізм дзейнічае. Магчыма гэта на псіхалагічным узроўні, але я заўважаю, што там – далёка, некаторыя мае балячкі праходзяць. А тут зноў вяртаюцца. Значыць – трэба ехаць! Чыстая тэрыторыя, чыстыя прадукты робяць сваю справу».

Зараз у Нароўлі, як у іншых гарадах і вёсках, якія пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай аварыі, аніякай інфармацыі пра радыяцыйны фон няма. Калі ў першыя гады пасля агалошвання праўды пра катастрофу, гама-фон у кожным горадзе перадавалі разам з прагнозам надвор’я, дык зараз пра гэта ніхто нават не ўзгадвае.

У той жа час, навуковы аддзел Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў сваёй пракраме навукова-даследчых работ на 2016 – 2010 гады пісаў: «Чым больш часу праходзіць з моманту катастрофы на ЧАЭС, тым большую актуальнасць набываюць трансуранавыя элементы (ТУЭ) у сувязі з небяспекай іх пранікнення ў харчовы ланцуг. Перыяд паўраспаду альфа-выпраменьваючых ТУЭ складае ад 88 гадоў (238Pu) (плутонію-238. — Заўв. аўтара.) да 24110 (239Pu) гадоў. З-за росту актыўнасці 241Am (амерыцыю-241. — Заўв. аўтара.) за конт распаду 241Pu агульная альфа-актыўнасць трансуранавых элементаў чарнобыльскага паходжання не меншае, а працягвае ўзрастаць. Максімальнае значэнне актыўнасці ТУЭ будзе дасягнута ў 2056 годзе, пры гэтым сумарная актыўнасць трансуранавых элементаў у 2,5 разы перавысіць першапачатковую і на 2/3 будзе абумоўлена актыўнасцю 241Am».  

kasciol

«Пра тое, што ідзе замяшчэнне адных радыёнуклідаў іншымі ў выніку паўраспаду, рэдкі чалавек тут і ведае. Не ўводзяць у вушы. Палітыка такая – з кожным днём яно ўсё меней і меней і ў рэшце рэшт зусім распадзецца і ўсё будзе добра», – кажа жыхар Нароўлі.

Поўная хата лекаў

66-гадовая Надзея Віткоўская – прыкаваная да ложку жыхарка Грушаўкі. Ва ўсіх сваіх хваробах яна вінаваціць Чарнобыль:

«У нас дзяцей тады пасля выбуху павезлі некуды пад Гомель, а мы засталіся. Бо там жа, дзе цяпер зона, ды дзе тады адсялялі, у нашага калгаса і буракі былі, і жывёла. Мы ж усё ўбіралі, грузілі жывёлу каб вывозіць. Хазяін мой быў загадчык майстэрні, дык запчасткі там з мехдвароў вывозіў розныя. Нахапаліся тады радыяцыі – дай Божа! А цяпер мужыка ўжо няма. Ехаў на могілкі на ровары, ды брык – інфаркт. Зваліўся з ровару і памёр. Да могілак потым панеслі. А ў мяне хваробаў цэлы букет – і рэўматоідны артрыт, і ціск скача, і страўнік баліць».

Надзея Віткоўская

Раней Надзея мела статус ліквідатара. А цяпер – пацярпелая ад аварыі на ЧАЭС. Пазбавілася яна, як і многія іншыя, льготаў. Медыцына звязвае з Чарнобылем толькі артрыт. Усё іншае – проста ад узросту.

«Дзяржава дапамагае толькі купляць прэднізалон і менісулін паводле ільготнага рэцэпта. А астятняе – ад ціску, ад страўніка, мазі ўсялякія – за поўны кошт», – наракае сялянка.

А лекаў у яе хаце – амаль на ўсіх паліцах, на сталах, у шафачках. Купляюць дзеці з апошніх грошай.

Радыяцыя на зубах не скрыпіць

Сёння пра радыяцыю ў ежы на Нараўляншчыне ніхто нават не задумваецца. Не правяраюць свае прадукты на наяўнасць радыяцыі вясковыя жыхары.

Ганна Маргулец

Ганна Маргулец у вёсцы Грушаўка ўсё ўжывае са свайго агароду і даўно забылася, што ў ім можа быць радыяцыя.

«Нармальнае ў нас усё! Паспытайце якія смачныя памідоры панакаталі летась са свайго агарода!» – жыццярадасна лезе ў сцёбку дбайная гаспадыня, дастаючы слоік кансерваваных памідораў.

«А ці правяраеце вы тое, што ў вас расце, на радыяцыю?»

«Супакойцеся! Неяк раней правяралі, а цяпер ніхто нам не кажа правяраць. Усё добра. Ямо і жывыя ўсе!», – цвердзіць спадарыня Ганна.

«А калі раптам праверыць, і высветліцца, што яны брудныя, выкініце?»

«Яшчэ чаго! А што тады есці? У магазіне не дакупішся ўсяго! Хіба нам грошай нехта столькі плоціць, каб мы маглі ўсё купляць? Росцім у агародзе, гадуем курак, коз, пчолы. У лесе калоды трымаем. Мой хазяін добра ўмее з пчоламі ўпраўляцца. І вуллі ў калодах ёсць, і ў скрынках у агародзе. Каровы толькі ва ўсёй вёсцы на лейкоз пахварэлі, дык мусілі паздаваць. Ні ў кога няма. На свінняў нейкая чума была напала, дык таксама парэзалі. Малако і каўбасы ў магазіне купляем. А ўсё астатняе – сваё!», – хваліцца гаспадыня і прапануе пакаштаваць свае прысмакі, накрываючы «стол» перад журналістамі наўпрост у двары на лаўцы.

Памідоры, вядома ж, і сапраўды смачныя. І мёд з сотаў салодкі. Радыяцыя на зубах не скрыпіць