Дэпутаты падганяюць закон аб чарнобыльскіх тэрыторыях пад прэзідэнцкі ўказ аб гаспадаранні ў зоне адчужэння
Палеская Вясна
24.04.2019
У першым чытанні плануецца прыняць папраўкі ў закон «Аб прававым рэжыме тэрыторыяў, якія падвергліся радыёактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Мікалай Васількоў паведаміў БелТА, што дзейны закон прыводзіцца ў адпаведнасць з указам прэзідэнта №431 ад 6 лiстапада 2018 года, якi накiраваны на павышэнне эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Гэты запаведнік ўлучае ў сабе найбольш забруджаную зону адчужэння пасля аварыі на ЧАЭС.
Указам №431 Лукашэнка змяніў межы запаведніка, вывеўшы шэраг тэрыторыяў з зоны адчужэння і дазволіўшы займацца там сельскай гаспадаркай, санкцыянаваў у зоне адчужэння жывёлагадоўлю, пчалярства, выраб піламатэрыялаў з драўніны, высечанай у зоне адчужэння, а таксама рабалоўства ў Прыпяці на тэрыторыі запаведніка, развядзенне племянных коней і развіццё турызму на адселенай тэрыторыі.
«На падставе ўказа вызначаны запаведная і эксперыментальна-гаспадарчая зоны запаведніка з указаннем пераліку відаў дзейнасці, якімі можна займацца толькі на яго тэрыторыі»,
– патлумачыў патрэбу ў змене закона дэпутат парламента.
Мікалай Васількоў. Фота: house.gov.by
Законапраект улічвае змяненне мяжы, плошчы і складу зямель запаведніка, а таксама тое, што рака Прыпяць, якая знаходзіцца ў яго межах, згодна з указам аднесена да рыбалоўным угоддзяў. Яны ў сваю чаргу перадаюцца запаведніку для вядзення там прамысловага рыбалоўства.
«Такім чынам, прыняцце праекта прадастаўляе магчымасць атрымліваць ад гэтага дадатковыя даходы, якія мяркуецца накіроўваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы запаведніка і павелічэнне зарплаты работнікаў»,
– гаворыць дэпутат.