Незалежны прафсаюз РЭП прымусіў прадпрыемства з Мазыра прызнаць траўму супрацоўніка вытворчай і аплаціць «бальнічны»
Палеская Вясна
23.04.2019
Цяпер разам з сям'ёй абмяркоўваецца і пытанне аб спагнанні маральнай шкоды ў сувязі са страчаным здароўем.
Мазырчук Віктар Рабянок працаваў у Мазырскім мантажным упраўленні ААТ «Белсантэхмантаж-1» мантажнікам 5-га разраду. Восенню мінулага года ён разам з калегамі вярталіся на службовым аўтамабілі з Астравецкай АЭС у Мазыр і дарогаю трапілі ў сур'ёзнае ДТЗ. Спачатку іх траўмы не хацелі прызнаваць вытворчымі, пацярпелыя звярнуліся ў незалежны прафсаюз РЭП, паведамляе Гомельская Вясна.
«Пасля атрыманых траўмаў я больш за чатыры месяцы знаходзіўся ў шпіталі. Застаўся інвалідам на ўсё жыццё, страта працаздольнасці ў мяне 80%. Звальняючы з працы ў сувязі са станам здароўя, працадаўца «забыўся» аплаціць мой бальнічны. З дапамогай прафсаюза РЭП мы праз суд «нагадалі» яму пра гэта»,
- распавёў 43-х гадовы мужчына, які сядзіць у інвалідным вазку.
Сям'я пацярпелага не перастае выказваць падзякі прававому інспектару працы прафсаюза РЭП Леаніду Судаленку, які дапамог ім забраць канчатковы разлік і працягвае кансультаваць далей.
2 красавіка атрыманыя траўмы ў ДТЗ былі прызнаныя вытворчымі. У цяперашні час Акт формы Н-1 з неабходнымі дакументамі Віктара Рабянка перададзеныя ў страхавую кампанію для налічэння аднаразовай дапамогі і штомесячных страхавых плацяжоў.
«Калі просты працаўнік на вытворчасці губляе здароўе, яму цяжка самому разабрацца ў хітраспляценнях заканадаўства, якое рэгулюе пакрыццё шкоды. Пацярпелы ўступіў у наш прафсаюз, і як бачым, не шкадуе, ён знаходзіцца пад абаронай незалежнага прафсаюза»,
- адзначыў прафсаюзны юрыст.