На занятках курсаў «Мова Нанова Рэчыца» прэзентавалі дапаможнік у абароне моўных правоў
Андрусь ГАЁВЫ
10.04.2019
Чальцы грамадскай ініцыятывы «Умовы для мовы» Ігар Случак і Аліна Нагорная завіталі ў Рэчыцу, каб распавесці пра свой досвед у абароне беларускай мовы і моўных правоў беларусаў, сабраны імі ў дапаможнік «Абаронім мову!».
8 красавіка чакалі Случака. На Мове Нанова ў Рэчыцы. І ён прыехаў, прычым не адзін, а са сваёй памочніцай Алінай Нагорнай, з якой яны апошнім часам шмат робяць у плане прапаганды беларускай мовы і абароны яе ад абразаў, ігнаравання і рознага кшталту нападкаў.
Свае парады, узоры зваротаў у розныя інстанцыі і дзяржорганы, вытрымкі з заканадаўства, што тычацца рэгулявання моўнай сферы, ініцыятыва «Умовы для мовы» сцісла абагуліла ў такую свайго роду малую падарожную кніжыцу з назвай «Абаронім мову!». Гэта такі кішэнны дапаможнік, які можна заўсёды браць з сабой у кішэню вопраткі альбо ў жаночую торбачку, і ў выпадку патрэбы, скарыстацца.
Ігар Случак
Але Ігар Случак і Аліна Нагорная ў Рэчыцы не проста распавялі пра кніжку, але і правялі адмысловы квіз у моўных правах. Тыя, хто ведаў, тыя перамаглі, а хто не ведаў, тыя даведаліся. Даведаліся пра тое, якімі артыкуламі дзеючых законаў рэгулююцца моўныя правадачыненні ў Беларусі цяпер, як гэта было раней, якія патрабаванні існуюць да грамадзянаў і чыноўнікаў, хто і што цікавага казаў пра нашу мову, а таксама розныя цікавосткі з моўнага жыцця Беларусі. Пераможцы атрымалі бясплатна асобнікі дапаможніка з аўтографамі аўтараў.
Аліна Нагорная
«Нам вельмі важна, каб да разумення таго, што мы робім, далучаліся новыя людзі. Бо калі мы ўсе разам будзем бачыць парушэнні законаў пра мову, калі мы не будзем мірыцца з моўнай дыскрымінацыяй, толькі тады мы не дамо нашай мове загінуць у часы незалежнай Беларусі»,
– зазначыла Аліна Нагорная пасля сустрэчы ў Рэчыцы.