Камісія «не досмотрела»? У Мазыры ў выніку пажару двое загінулі і чатыры сям’і засталіся без даху. (дапоўнена)
Стах МАЗЫРСКІ
05.04.2019
Два чалавекі загінулі і ў літаральным сэнсе без даху над галавой засталіся чатыры сям’і ў выніку пажару ў цэнтры Мазыра.
У аўторак з самае раніцы ў пачатку вуліцы Пралетарскай насупраць гатэлю «Прыпяць» пачаў гарэць дом. Паводле размоваў зацікаўленых, прысутных месцічаў у гэтым доме жыло 4 сям’і. Пакуль агонь ахопліваў дах, жыхары дома спрабавалі датэлефанавацца ў пажарную службу. Але ў іх гэта не атрымлівалася на працягу амаль 20 хвілін. Калі ж пажарныя прыехалі, дах ужо амаль цалкам згарэў.
Падчас разбору абгарэлых рэшткаў дому высветлілася, што 91-гадовая гаспадыня аднае з кватэраў загінула. Яе сын, якога шпіталізавалі з абпальваннямі 50% цела, праз некалькі дзён памёр у шпіталі.
Для прафілактыкі і забяспячэння пажарнай бяспекі грамадзян пры райвыканкаме створаная так званая «смотровая» камісія. Як паведамляе сайт раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, паводле рашэння Мазырскага райвыканкама, ад пачатку красавіка яна будзе праводзіць рэйды двойчы на тыдзень – у аўторкі і чацвяргі. Асноўны нагляд і увагу ўдзельнікі гэтай структуры нададуць бяспецы пячнога ацяплення, наяўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, а таксама правільнаму выкарыстанню электрычнага і газавага абсталявання.
Уладзімір Целяпун
«Смотровые» камісіі, мабільныя групы - гэта каб пазбегнуць адказнасці асобаў, якія паводле сваіх службовых абавязкаў павінны праводзіць кантроль, выконваць сваю працу, – каментуе сітуацыю мазырскі актывіст і праваабаронца Уладзімір Целяпун. – У камісіі ўваходзяць асобы, якія працуюць, хто ў выканкаме, хто ў аддзеле адукацыі, хто ў міліцыі, нейкія мясцовыя дэпутаты. Я лічу, што гэта размыванне адказнасці. Менавіта таму і такія сумныя вынікі.