Адзінства вайны і тэрору, або Што святкуюць прыспешнікі Лукашэнкі?
Вітаўт Іллін
30.09.2023
12 верасня ў вёсцы Ленін Жыткавіцкага раёну прайшла цэрымонія ўрачыстага адкрыцця
памятнага знака «у гонар уз’яднання Беларусі». Прымеркавалі гэтую падзею,
зразумела да так званага «Дня народнага адзінства», які ўказам Аляксандра
Лукашэнкі цяпер адзначаецца ў Беларусі 17 верасня.
Лукашысты на адкрыцці памятнага знака ў вёсцы Ленін. Фота: Гомельская праўда
Згодна аіцыйнай
прапагандзе, 17 верасня 1939 года тэрыторыя Заходняй Беларусі была вызвалена
Чырвонай Арміяй ад польскай акупацыі. Але давайце разбярэмся, чым на самой
справе было гэта так званае «вызваленне» і чаго каштавала беларускаму народу
уз’яднанне.
Пачнем з прамоў
сучасных лукашэнкавых выступоўцаў. Падчас адкрыцця помніка ў Леніне, шмат
гаварылася пра тое, што тэрыторыя Заходняй Беларусі, а ў яе складзе таксама 14
населеных пунктаў Жыткаўшчыны, апынуліся ў выніку Рыжскай дамовы 1921 года пад
уладаю Польшчы. Гучна называлі гэтую дамову несправядлівай і ганебнай. Аб гэтым
многа і горача гаварыў загадчык упраўлення ідэалагічнай працы Гомельскага
аблвыканкама Дзяніс Язерскі.
Але, прызнаючы
несправядліваць і ганебнасць Рыжскай дамовы, гомельскі ідэолаг чамусьці
забывае, што гэта менавіта бальшавікі, імкнучыся пазбавіцца Заходняга фронту,
самі аддалі захад нашай краіны Польшчы. Яны нават былі гатовыя аддаць яе ўсю,
але палякі адмовіліся ад такой шчырасці. Бальшавікі настолькі дбалі пра
будучыню беларусаў, што не дапусцілі да перамоваў не толькі ідэалагічных
ворагаў у выглядзе дэлегацыі БНР, але нават і афіцыйных кіраўнікоў БССР. Гэта
пры тым, што дэлегацыя ад Савецкай Беларусі ў Рызе прысутнічала. Кіраўнік гэтай
дэлегацыі Аляксандр Чарвякоў пісаў, што «Беларусь у перагаворах удзелу не
прымае ні пад якім выглядам», бо яе падзел ужо прадвырашаны, а яго «добрае
беларускае імя будзе скампраметавана навекі».
Але вернемся да даты
17 верасня 1939 года. Зараз ужо ні для каго не сэкрэт, што ўваход частак Чырвонай
Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі адбыўся ў выніку сумнавядомага пакту
Молатава-Рыбентропа, падпісанага міністрамі замежных спраў сталінскага СССР і гітлераўскай
Нямеччыны ў жніўні таго ж года. Пакту, якім два дыктатары наўпрост падзялілі
Еўропу паміж сабой.
Савецкі дыктатар Іосіф Сталін ручкаецца з нацысцкім міністрам замежных справаў Іахімам фон Рыбентропам. Архіўнае фота.
І менавіта тады на
Беларусь прыйшла Другая сусветная вайна. Якраз пасля пачатку «вызволнага»
паходу Чырвонай Арміі на галовы мірных беларусаў пасыпаліся бомбы, а па дарогах
паехалі танкі. Прычым, гэта былі савецкія бомбы і танкі.
Чыноўнік ад ідэалогіі
многа расказваў пра ўціск беларусаў падчас польскай палітыкі «санацыі». Але
гэта не ішло не ў якое параўнанне з тым, што адчулі на сабе жыхары захаду
Беларусі пасля прыходу «вызваліцеляў».
Камуністычныя і нацысцкія вайскоўцы ручкаюцца на сумесным парадзе падчас ІІ Сусветнай вайны
Яшчэ не скончылася
савецкае наступленне, а жыхары захаду Беларусі ўжо ўпэўніліся, што такое
народнае шчасце ў разуменні Іосіфа Сталіна.
Колькасць
арыштаваных, змешчаных у турмы ці дэпартаваных з Беларусі ў іншыя часткі СССР
да гэтага часу амаль немагчыма падлічыць дакладна. Але вядома, што на тэрыторыі
Заходняй Беларусі пасля прыхода савецкай улады функцыянавала 21 турма.
Пад каток сталінскіх
рэпрэсій патрапілі практычна усе пласты заходнебеларускага насельніцтва. І тое,
наколькі прасавецкі ты быў настроены, не грала тут абсалютна ніякай ролі. Былі
рэпрэсаваны сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), Беларускай
сялянска-працоўнай грамады (БСПГ).
Найбольш вядомымі
ахвярамі «вялікага тэрору» сталі стваральнік класічнага беларускага правапісу
Браніслаў Тарашкевіч і былы старшыня Рады міністраў БНР Антон Луцкевіч.
Гэта пры тым, што да
таго Луцкевіч адкрыта вітаў прыход Саветаў, радуючыся таму, што Беларусь
нарэшце аб’ядналася.
Акрамя ідэалагічна
варожай бальшавікам інтэлігенцыі, якую яшчэ Ленін называў «лайном», хутка
адчулі ўсе прыгажосці жыцця пры камунізме і заходнебеларускія сяляне, вызваляць
якіх быццам бы і прыйшлі бальшавікі. Гвалтоўная калетывізацыя, высокія нормы
выпрацоўкі і прымусовы перавоз моладзі на работы ўглыб СССР сталі для іх
штодзённай рэчаіснасцю.
Ну і апошняе. На
памятным знаку, што ўсталявалі ў Леніне,выбіта мяжа падзелу Беларусі, якая
быццам бы пасля 17 верасня знікла і краіна нарэшце аб’ядналася.
Але гэта вельмі
далёка ад праўды. Бальшавікі настолькі баяліся стасункаў паміж заходнімі і
ўсходнімі беларусамі, што мяжа працягвала існаваць аж да 1941 года. І што дзеля
таго, каб патрапіць з адной часткі краіны ў другую, шэраговаму беларусу трэба
было атрымаць адмысловы дазвол у НКВД, куды, зразумела людзі не спяшаліся
звяртацца. Так што фактычна, аб’яднанне адбылося толькі на паперы. А адзінае,
што атрымалі беларусы – гэта вайну і тэрор.
Але, магчыма,
менавіта гэта сёння і святкуюць сучасныя эРБэшныя чыноўнікі ы іхнія прыспешнікі
з установаў адукацыі, культуры ды іншых бюджэтных сфераў. Таму што, калі
прыглядзецца да таго, што апошнія тры гады адбываецца ў Беларусі, то гэта
вельмі нагадвае падзеі канца 1930-х.