У Рэчыцы карнікі затрымалі ўраджэнца краіны Цэнтральнай Азіі і паздзекваліся з яго радзімы
Вітаўт Іллін
26.08.2023
16 жніўня ў афеляваным з мясцовымі
філіямі карных органаў рэжыму Лукашэнкі тэлеграм-канале «Правакатары Рэчыцы» з’явілася
паведамленне аб затрыманні рэчычаніна, які мае неславянскія імя, прозвішча і
імя па-бацьку. Карнікі паздзеквался з нацыянальных прыкметаў затрыманага.
Ільдар ГАТАУЛІН. Фота: сацсеткі.
Аўтары
здзеклівага допісу абсмоктвалі затрыманне 50-гадовага жыхара Рэчыцы Ільдара Рашыдавіча Гатауліна. Яны паведамляюць, што ў 2020
годзе ён паставіў свой подпіс за вылучэнне аднаго з альтэрнатыўных Лукашэнку
кандыдатаў у прэзідэнты. Гэта з’яўляецца цалкам законнай часткай перадвыбарчай
кампаніі. Прычым, карнікі ў сваім допісе называюць будучую кандыдатку, за якую
нібыта падпісаўся Гатаулін, «малоизвестная женщина», звяртаючы ўвагу на полавую прыналежнасць прэтэндэнткі на
кандыдацтва. Нагадаем, што сам Лукашэнка ў 2020 годзе заяўляў, што жанчына ў
Беларусі не можа стаць прэзідэнтам, бо, маўляў, «у нас Конституция не под женщину написана».
Акрамя
сэксісцкіх сегрэгацыяў кандыдатаў паводле полу карнікі ў сваім допісе
адлюстроўваюць і відавочна расісцкую пазіцыю прадстаўнікоў уладаахоўных органаў
Беларусі, спрабуючы неяк прынізіць асабістыя якасці ўраджэнцаў краінаў Цэнтральнай
Азіі і ўжываючы здзеклівую форму назвы Таджыкістана: «Гатаулин не такой уж и памяркоуны уроженец Таджикистонома. Видимо
Средняя Азия и является для него раем на земле».
Карнікі
паведамляюць, што Гатаулін затраманы і аштрафаваны нібыта за распаўсюд так
званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Нагадаем, што адпаведна артыкулу 19 Усеагульнай
дэкларацыі правоў чалавека, «Кожны чалавек мае права на
свабоду перакананняў i на свабоднае выражэнне iх; гэтае права ўключае свабоду бесперашкодна
прытрымлiвацца сваiх перакананняў i свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць
iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных межаў».
Карныя службы лукашэнкаўскага дзяржапарату амаль
усе незалежныя ад саміх сябе крыніцы інфармацыі назвалі ў сваіх рашэннях і
спісах экстрэмісцкімі матэрыяламі і караюць за іх прачытанне і распаўсюд, тым
самым парушаючы адно з падставовых правоў чалавека.