Жыхар Рэчыцы трапіў пад рэпрэсіі на гомельскім дзяржаўным радыё

Вітаўт Іллін 16.10.2022

У дзяржаўных структурах выкрываюць усё больш і больш «недабранадзейных» супрацоўнікаў.

Арцём ЗАБІРАН. Фота: агульнадасяжныя крыніцы.

У апошнія дні стала вядома пра шэраг звальненняў на гомельскім радыё 107,4 fm. Усё пачалося з таго, што радыёвядоўца Яраслаў Бычкоўскі павіншаваў у прамым эфіры з днём народзінаў вядомага расійскага блогера Юрыя Дудзя. Гэтые «злачынства» і стала падставай для яго звальнення. Хутка выявілася, што сувядоўцам Бычкоўскага на гэтым радыё быў жыхар Рэчыцы Арцём Забіран. Хоць Забіран асабіста нічога, што магло не спадабацца ўладам, не зрабіў, але яму таксама прышлося звольніцца з працы. Праўладныя тэлеграм-каналы напісалі, што знайшлі ў яго на старонках у сацсетках выявы ў колерах нацыянальнага сцяга.



Пазней такі ж разгон супрацоўнікаў адбыўся на дзяржаўным тэлеканала Гродна+ і таксама з нагоды згадкі ў эфіры дня нараджэння Дудзя.

Падобна на тое, што чыстка дзяржаўных структур толькі набірае моц. Хутчэй за ўсё, у карных органаў скончыліся «экстрэмісты» сярод звычайных беларусаў, а рэпрэсіўны махавік спыніць ужо немагчыма. Таму карнікі пачалі хапаць абсалютна ўсіх, хто хоць у малой ступені не адпавядае крытэрыям поўнай і безумоўнай адданасці лукашэнку.