Выйшла на волю праваабаронца Таццяна Ласіца

Вітаўт Іллін 24.09.2022

>>

Праваабаронцам стала вядома, што з гомельскай калоніі № 4 на волю выйшла праваабаронца з Рэчыцы, валантэрка «Вясны» Таццяна Ласіца.

Таццяна ЛАСІЦА

Пасля выбараў 2020 года яна разам з іншымі мясцовымі актывістамі дапамагала абараняць людзей у судах і сплочваць штрафы. Была затрымана 21 студзеня 2021 года супрацоўнікамі МУС у аэрапорце Мінска пры спробе вылецець у Вільню.

3 верасня 2021 года пачаўся суд над ёй і вядомым гомельскім актывістам Леанідам Судаленкам. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

3 лістапада прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі, даўно вядомы сваім удзелам у палітычных рэпрэсіях, прызнаў Таццяну вінаватай і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Таццяна знаходзілася за кратамі 1 год і 8 месяцаў.

Таццяна Ласіца – вядомая ў Рэчыцы актывістка. Дзякуючы яе намаганням, у горадзе з'явілася мемарыяльная дошка ў гонар ураджэнца Рэчыцы, артыста Яфіма Капяляна, а ўлады горада ўнеслі  ў свае планы будаўніцтва школы ў адным з новых мікрараёнаў. У 2019 годзе Таццяна Ласіца балатавалася кандыдыткай на дэпутата парламента.