З Калінкавічаў і Светлагорска паведамляюць пра палёты цяжкіх самалётаў проста над гарадамі

Палеская Вясна 12.02.2022

10 лютага ў Беларусі пачаліся вайсковыя вучэнні «Саюзная рашучасць - 2022». Акрамя заяўленых вайсковых палігонаў, адмыслова прызначаных для навучальных дзеянняў вайскоўцаў, пад іхнія забавы аддалі і звычайныя тэрыторыі, якія не належаць Міністэрству абароны.

На мінулым тыдні  раённыя газеты шэрагу раёнаў Гомельшчыны папярэджвалі жыхароў шматлікіх вёсак сваіх раёнаў, каб яны не выходзілі ў прылеглыя лясныя, балотныя і палявыя масівы, бо там будуць адбывацца баявыя стрэлы з буйнакалібернай зброі і могуць заставацца снарады, якія не разарваліся. Адзін з такіх участкаў, згодна з паведамленнем Лельчыцкай раённай газеты «Светлае жыццё», уяўляе сабой паўднёвую частку Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», у тым ліку запаведную зону гэтай асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі, на якой паводле дзейнага заканадаўства забароненая ўсялякая дзейнасць, акрамя тае, што скіраваная на ахову прыроды.


Апошнія два дні з Калінкавічаў і Светлагорска пачалі прыходзіць паведамленні аб тым, што над гарадамі чутны амаль няспынны рокат рухавікоў самалётаў. Пры гэтым, каля гэтых гарадоў адсутнічаюць аэрадромы, пра выкарыстанне якіх у вучэннях заяўлялі прадстаўнікі Міністэрства абароны самаабвешчаных уладаў у Беларусі. У той жа час, менавіта паміж Калінкавічамі і Светлагорскам размешчаны былы аэрадром Бабровічы, дзе за савецкім часам месцілася авіяцыйная вайсковая частка. Праўда, з часу вываду гэтай часткі ў Расію аэрадром не выкарыстоўваўся.

Жыхары Светлагорска паведамілі, што над горадам чуваць гук самалётаў, ад якога яны даўно ўжо адвыклі. Але значная воблачнасць не дазваляе пабачыць самі лятальныя апараты.

Авіяцыйны інжынер з Калінкавічаў паведаміў Палескай Вясне наступнае:

«Даўно ня чуў я над Калінкавічамі гук шматматорных транспартных самалётаў. Але учора чуў яго некалкі разоў. Сёння вось толькі праляцеў і заціх адзін, ужо загудзеў другі следам. За аблокамі не магу пабачыць тыпу, толькі па гуку магу здагадацца што гэта турбавінтавыя, накшталт Ан-12, Ан-26, Іл-18. Такіх яшчэ штук 6 ёсць ў расійскіх ВПС».

Пры гэтым адмысловец лічыць, што гэтыя самалёты не маглі ўзлятаць на недалёкім ад Калінкавічаў аэрадроме Бабровічы, бо тады б яны праходзілі над горадам на меншай вышыні.

Раней ваенны Эксперт Аляксандр Алесін выказваў асцярогу пра тое, што наземныя сухапутныя войскі, якія сканцэнтраваныя паўз украінскую мяжу ў Беларусі, наўрад ці могуць пачаць уварванне на тэрыторыю Украіны з Беларусі, а вось авіцыйны ўдар для знішчэння стратэгічных аб’ектаў ва Украіне, ён не выключыў.