Меркаванне: «Год народнага адзінства» пад дзяржаўнай ідэалогіяй нянавісці
Кастусь АЛЕШКА
03.05.2021
Лукашэнка аб'явіў 2021 год -- Годам
народнага адзінства ў Беларусі. Быццам бы неблагая ідэя. Хто ж з нармальных і
адказных грамадзян нашай краіны будзе супраць ідэі адзінства народа, дзеля
захавання нашай дзяржавы?
Але,
уяўленне адзінства ва ўладных вярхах Беларусі нейкае спецыфічнае. Яны разумеюць
яго, аказваецца, як адзінства чыноўнікаў, спецслужбаў, ідэёлягаў, карных
органаў і іншых «прыкарытнікаў» у супрацьстаянні з беларускім грамадствам, якое патрабуе
спынення палітычнага тэрору ў краіне, сумленных выбараў і свабоды.
І вось ужо каторы месяц з усіх дзяржаўных
(прыватнага тэлебачання ў нас няма) тэлеканалаў, газэт, інтэрнэт сайтаў і іншых
праўладных пляцовак на беларусаў ліецца нянавісць, бруд, хлусня і абразы.
Праўладныя прапагандысты шчыруюць у вядомым стылі гебельсаўскай прапаганды: «Чым жахлівей хлусьня, тым больш ахвотна ў яе вераць». І ўсё гэта робіцца з непрыхаванай нянавісьцю да грамадзян,
якія асьмеліліся выступіць супраць несправядлівасьці, гвалту, фальсіфікацый.
Як толькі прапагандысты не абзываюць
беларусаў, якія не згодныя з узурпацыяй улады былым прэзыдэнтам Беларусі: і «экстрэмістамі», і "тэрарыстамі", і
"нацыстамі", і "ворагамі народа" і г.д. А такіх людзей, на
хвіліначку, мільёны. І ўсе яны экстрэмісты і тэрарысты?
Улада свядома распальвае нянавісць сярод
беларускіх грамадзян, нацкоўвае адных супраць іншых, «ябацек» супраць «пратэстуноў», «патрыётаў» супраць «здраднікаў». Амаль кожны дзень у дзяржаўных СМІ зяўляюцца ролікі,
фільмы, артыкулы, у якіх беларусаў, нязгодных з вынікамі сфальсікаваных
прэзыдэнцкіх выбараў паліваюць брудам, дэманізуюць, расчалавечваюць. Ідуць
шалёныя нападкі на наш нацыянальня сцяг і герб, іх аб'яўляюць нацысцкімі і
фашысцкімі. Зневажаецца наша сымболіка, гісторыя і культура.
Такім чынам, прадукуючы нянавісць да
найбольш актыўных грамадзян, палітычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і
ўсіх нязгодных беларусаў, улада спадзяецца прадоўжыць сваё панаванне над
Беларуссю, гвалтам задушыць пратэстныя настроі ў грамадстве.
Тое, што нянавісьць калечыць псыхіку людзей,
разбэшчвае іх, уплывае на іх сьвядомасьць -- уладу не хвалюе. І такая
прапаганда можа прывесьці да сілавога супрацьстаяння, узброенага канфлікту, да
вялікай крыві.
Летась на вуліцах Беларусі ужо пралілсая
кроў, каля дзесяці чалавек было забіта, сотні людзей былі параненыя і
пакалечаныя, тысячы падвергліся катаванням і гвалту. Катаванні і сёння зазнаюць
сотні палітвязняў і адміністрацыйна арыштаваных па бязглуздых абвінавачаннях. І
гэта робяць садысты і карнікі, у якіх прамытыя глузды прапагандай нянавісці.
Асабліва заўзятыя «ябацькі» пад уплывам ідэалогіі нянавісці ўжо
патрабуюць расстрэльваць, кідаць у канцлагеры, даваць максымальныя турэмныя
тэрміны беларусам з іншай грамадзянскай пазыцыяй.
Такая ідэалогія нянавісці, узятай на
ўзбраенне сёняшняй нелегітымнай уладай, для беларусаў можа мець дрэнныя
наступствы. Псыхіка людзей – гэта тонкая матэрыя. Дарэчы, нянавісьць можа
павярнуцца і ў іншы бок, да тых хто яе і распальвае. «Пасеяўшы вецер – пажнеш буру».
Кастусь АЛЕШКА,
актывіст
Партыі БНФ, Рэчыца.