У Рэчыцы, Мазыры і Светлагорску адбыліся ператрусы ў праваабаронцаў і журналістаў

Палеская Вясна 16.02.2021

>

16 лютага ў Рэчыцы, Мазыры і Светлагорску адбыліся масавыя ператрусы ў нейкай невядомай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскім парадак.

У Рэчыцы да журналіста інфармацыйнага аддзелу і праваабаронцы Праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэя Мядзведзева міліцыянты прыйшлі а 6.40 раніцы. Супрацоўнікі Рэчыцага РАУС Кахоўскі і Пашкоўскі прад’явілі пастанову аб прызначэнні ператрусу, якую вынес старшы следчы ў асабліва важных справах цэнтральнага апарату Следчага камітэту Беларусі Валынец, а санкцыянаваў намеснік генеральнага пракурора Дзмітрый Гора. Датаваная пастанова 1 лютага.

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ. 

Міліцыянты зрабілі ператрус у кватэры, дзе жыве Андрэй Мядзведзеў. Забралі ягоныя нататнікі з запісамі для розных рэпартажаў, тэлефон, нацыянальны сцяг, флэш-карты і камізэльку з надпісам «прэса».

Пасля гэтага Мядзведзева павезлі яшчэ на кватэру, якую ён прадаў у 2018 годзе, а раней жыў там больш за 10 гадоў. Там яго чакала яшчэ адна група для правядзення ператрусу, якая прад'явіла аналагічную пастанову на ператрус. Але ён адмовіўся адчыняць чужую ўжо кватэру без яе ўласнікаў, ды і пазней высветлілася, што там змененыя дзверы. Калі міліцыянты высветлілі, што Мядзведзеў ужо не мае да тае кватэры аніякага дачынення, яго адпусцілі.

Валер ПУЦІЦКІ.

Каля 7.25 раніцы міліцыя патэлефанавала і кіраўніку Рэчыцкай філіі правабарончага цэнтру «Вясна» Валеру Пуціцкаму. Ад яго патрабавалі прыйсці на адрас, дзе размешчаны офіс філіі. Пазней яго туды прывезлі міліцэйскай машынай і таксама зрабілі там ператрус. У самога Пуціцкага забралі мабільны тэлефон і пасведчанне сябра Партыі БНФ, а таксама розную праваабарончую літаратуру і незалежныя газеты.

У Мазыры тры ператрусы прайшлі ў кіраўніка Мазырскай філіі Правабарончага цэнтру «Вясна» Уладзіміра Целепуна. Міліцыянты прыйшлі да яго а 7.30 раніцы ў прыватны дом, дзе ён фактычна жыве. Потым ператрус зрабілі ў кватэры, дзе ён зарэгістраваны і нават у кабінеце, які арандуе ягоная нявестка для аказання юрыдычных паслуг. Падчас ператрусаў забралі 106 аркушоў копіяў пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях і розных матэрыялаў да іх, мабільны тэлефон, банкаўскую картку.


Уладзімір ЦЕЛЯПУН.

Таксама ёсць інфармацыя аб тым, што ператрусы ў Мазыры адбываюцца яшчэ ў некаторых людзей, якія кантактавалі з Уладзімірам Целепуном. Вядома пра тры такія ператрусы.

Алена МАСЛЮКОВА.

З раніцы два ператрусы прайшлі ў Светлагорску ў кватэры кіраўніцы Светлагорскай філіі ПЦ «Вясна» Алены Маслюковай і ў памяшканні, дзе размешчаны офіс філіі. У Маслюковай з дому забралі тэхніку і розныя паперы. З офіса забралі копіі пратаколаў і судовых пастановаў у рэпрэсіўных справах. Сувязь з Аленай пакуль адсутнічае, але ёсць інфармацыя, што яна на волі.