Педыятру з Калінкавічаў прысудзілі два гады абмежавання волі за тое, што ўкусіла міліцыянта падчас затрымання яе мужа
Андрусь ГАЁВЫ
24.11.2020
>>>>>
Суд у справе аб
гвалце да міліцыянта ў Калінкавічах праходзіў у Светлагорску.
Калінкавічы, 10 жніўня 2020 года, цэнтральная плошча каля вуліцы Фрунзэ.
Затрыманне ў
цэнтры Калінкавічаў
Доктарку-педыятра раённай дзіцячай паліклінікі з
Калінкавічаў Алену Буднік разам з яе
мужам – анастэзіёлагам-рэаніматолагам раённай лякарні Аляксандрам затрымалі 10
жніўня паблізу цэнтральнай плошчы Калінкавічаў на вуліцы Фрунзэ.
Як высветлілася падчас суду, Алена Буднік спярша знаходзілася
па адзін бок вуліцы, а Аляксандр па іншы. У адзін момант яна пабачыла, што
Аляксандра міліцыянты цягнуць да канвойнай машыны. Яна падбегла да
супрацоўнікаў міліцыі і пачала прасіць каб Аляксандра адпусцілі. За гэта яе
таксама схапілі і пасадзілі ў канвойную машыну.
Хацела, каб
перасталі ўтрымліваць мужа сагнуўшы
Ужо ўнутры машыны яна пабачыла, як яе мужа адзін з
міліцыянтаў спрабуе жорстка, сагнуўшы тварам амаль да падлогі, усунуць у
закратаванае аддзяленне. Яна пачала крычаць, каб міліцыянт не здзекваўся з мужа,
але той не зважаў. Алене таксама заламілі рукі і сагнулі яе такім чынам, што яе
твар апынуўся ля спіны супрацоўніка, які трымаў яе мужа. Тады яна ўкусіла яго
за спіну крыху ніжэй лапаткі. Пазней міліцыянты сказалі ёй самой сесці ў
індывідуальны адсек, тады яны перастануць утрымліваць яе мужа. Так і адбылося.
Пацярпелы міліцыянт Віталь КРЫВАНОС
Пацярпелым аказаўся міліцыянт ізалятара часовага
ўтрымання Калінкавіцкага РАУС Віталь
Крыванос. Як сцвярджалі падчас судовага апытання сведкі – калегі пацярпелага,
якія таксама знаходзіліся падчас інцыдэнту ў машыне, ён не выказваў на ўкус
аніякай рэакцыі. На пытанне адвакаткі, чаму ён ніяк не адрэагаваў на ўкус
адразу пасля яго, Віталь Крыванос адказаў: «Я цярпеў!»
Потым Аляксандра і Алену даставілі ў РАУС. Мужа змясцілі
ў ІЧУ, а жонку пасля складання пратаколаў вызвалілі да суда. Пазней Аляксандр
адседзеў двое сутак, а Алену аштрафавалі на 3 базавыя велічыні.
«Яна за два месяцы не пацікавілася як я
сябе адчуваю»
Віталь Крыванос на наступны дзень даклаў пра атрыманы
ўкус начальніку РАУС і той сказаў падаць рапарт, паводле якога пачалася
праверка. На пытанне адвакаткі ці падаваў бы ён рапарт, калі б яму не загадаў
начальнік, Крыванос адказаў: «Напэўна, не». Пазней паводле вынікаў праверкі завялі
крымінальную справу.
Праз некалькі дзён пасля інцыдэнту Алена Буднік знайшла
пацярпелага міліцыянта і выбачылася перад ім. Ён прыняў прабачэнні і напісаў у
Следчым камітэце заяву пра тое, што прэтэнзіяў да Алены не мае і просіць не
прыцягваць яе да крымінальнай адказнасці.
Але праз 2 месяцы ён змяніў сваё меркаванне. На пытанне
пракурора чаму ён так зрабіў, Крыванос адказаў:
«Яна за два
месяцы нават не пазваніла мне, не пацікавілася як я сябе адчуваю».
Таксама непасрэдна падчас судовага паседжання Віталь
Крыванос заявіў пазоў аб спагнанні з доктаркі маральнай шкоды, якую ён ацаніў у
3 000 рублёў. Гэта ён патлумачыў так:
«Фізічны боль я
адчуў падчас укусу. Але потым я зразумеў, што укус – гэта сродак пераносу
хваробаў. Там мог быць і ВІЧ, і сіфіліс, і каранавірус. Асабліва пераймалася
мая жонка. І таму я таксама маральна пакутваў. Тым больш, я даведаўся, што яна
працуе ў лякарні і кантактуе з хворымі».
Але аніякіх аналізаў на магчымыя хваробы міліцыянт не
здаваў.
Алена Буднік патлумачыла, што як меработнік яна перыядычна
праходзіць поўнае абследаванне, у тым ліку здае аналізы на розныя магчымыя
хваробы, бо яна кантактуе на працы з дзецьмі.
У перапынку судовага пасяджэння Алена перадала Крываносу
1200 рублёў паводле дасягнутага пагаднення. Але ў судовым паседжанні ён працягваў
настойваць на атрыманні трох тысяч.
Два гады «хатняй
хіміі»
У сваім выніковым выступе Алена Буднік сказала:
«Я не хавала і не
спрабавала схаваць той факт, што ўкусіла Крываноса. Але я зрабіла гэта
падсвядома, бо майго мужа працягвалі ўтрымліваць у нечалавечай позе. Муж крычаў
ад болю і ў мяне ўзнік панічны страх, таму я ўкусіла. Мне сорамна, я выбачылася
перад пацярпелым, сплаціла яму маральную шкоду».
Суддзя Галіна
Гулевіч, якая разглядала справу, у выніку пастанавіла прызнаць Алену Буднік
вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага
кодэксу (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў з мэтаю
перашкоды ягонай законнай дзейнасці) і прызначыла ёй пакаранне ў выглядзе
абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову
адкрытага тыпу. У задавальненні пазову аб спагнанні матэрыяльнай шкоды суддзя
пастанавіла Крываносу адмовіць.