Больш за палову адміністрацыйных спраў на 4 лістапада у Гомельскім абласным судзе – паводле артыкула 23.34 (ФОТАФАКТ)

Палеская Вясна 04.11.2020

На 4 лістапада для разгляду ў Гомельскім абласным судзе прызначана 21 адміністрацыйная  справа, на якія паступілі скаргі альбо пратэсты. З іх 11 (52%) – справы, паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.


Артыкул 23.34 ў апошнія месяцы стаў ці не самым масавым, паводле якога выносяць пакаранні ў судах Беларусі. Ён прадугледжвае адказнасць за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Пры першым прыцягненні паводле гэтага артыкула можна патрапіць за краты на тэрмін да 15 сутак, альбо заплаціць дзяржапарату да 30 базавых велічыняў (810 рублёў) штрафу. Калі ж паводле гэтага артыкула чалавека караюць паўторна цягам году, дык акрамя 15-суткавага арышту, магчымы штраф ужо ад 20 базавых велічыняў (540 рублёў) да 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

Як бачым, суды заваленыя справамі паводле артыкулу 23.34. Толькі за адзін дзень і толькі ад тых, хто абскарджвае рашэнні судоў першай інстанцыі, абласны суд мусіць разгледзаць скаргі на пастановы паводле гэтага артыкула судоў Мазырскага, Рэчыцкага, Гомельскага, Жлобінскага раёнаў, а таксама Чыгуначнага, Савецкага і Цэнтральнага раёнаў Гомеля.