«У суддзі не ўзнікла сумневаў ў дакладнасці тлумачэняў сведкі». У Светлагорску на 10 сутак арыштавалі мужчыну за акцыю, на якой ён не быў
Andrus
31.10.2020
>
Суддзя Уладзімір
Сцяпанаў на двух пасяджэннях разглядаў адміністрацыйную справу за нібыта
несанкцыянаванае пікетаванне 17 кастрычніка 2020 года, у якім, паводле
сцвярджэнняў міліцыі, браў удзел мясцовы жыхар Аляксандр Аляксейкаў.
Справу зрабілі на падставе рапарту намесніка начальніка
аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Светлагорскага РАУС, прозвішча якога
суддзя, зачытваючы матэрылы справы, не назваў. Гэты міліцыянт паведаміў, што ён
выкрыў правядзенне несанкцыянаванага пікетавання ў ходзе маніторынгу сацыяльных
сетак.
У гэты дзень у Светлагорску сапраўды некалькі мясцовых
жыхароў сабраліся каля знака «Я люблю Светлагорск» і некаторы час
прастаялі там з нацыянальным сцягам. Фота і відэа з акцыі яны змясцілі ў
мясцовыя тэлеграм-каналы.
Аляксандр Аляксейкаў у гэты дзень і акрэслены ў справе
час разам з сябрам дапамагаў рабіць рамонт у кватэры сваёй знаёмай. І гэта падчас
суда пацвердзілі сведкі – гэтая знаёмая і той сябар, з якім яны рабілі рамонт.
З боку міліцыі ў якасці сведкі на суд быў выкліканы
оперупаўнаважаны аддзелу крымінальнага вышуку Светлагорскага РАУС Лізуноў. Ён
паведаміў, што ім «атрыманая аператыўная інфармацыя, якая пацвярджае ўдзел Аляксейкава ў акцыі
17 кастычніка, змест якой ён раскрываць не можа». Што за
інфармацыя і хто яе паведаміў, Лізуноў таксама адмовіўся казаць, спаслаўшыся на
нейкія службовыя абмежаванні. Ён не здолеў апісаць што канкрэтна там рабіў
Аляксейкаў і іншыя падрабязнасці быццам бы знаходжання яго на акцыі.
Аляксейкаў заявіў, што месца ягонага знаходжання магчыма
было б высветліць паводле дадзеных геалакацыі ягонага тэлефона ў час акцыі і
хадайнічаў аб накіраванні запыту пра гэта мабільнаму аператару. У сувязі з
гэтым у судзе быў абвешчаны перапынак да атрымання адказу аператара сувязі.
Працяг разгляду адбыўся 30 кастрычніка. У пачатку
пасяджэння суддзя Сцяпанаў абвясціў, што адказ ад мабільнага аператара не
прыйшоў, але, калі ён прыйдзе, ён можа быць укладзены ў справу і пасля прыняцця
пастановы ў справе. Аляксандр Аляксейкаў жа паведаміў, што за час перапынку
знайшоў арыгінальныя відэазапісы. Менавіта з іх зрабілі скрыншоты кепскай
якасці міліцыянты, уклаўшы ў справу. Аляксандр хадайнічаў аб вывучэнні гэтых
запісаў і ягонае хадайніцтва суддзя задаволіў. На запісах было бачна, што
чалавек, які на скрыншотах пазначаны як Аляксейкаў, насамрэч да яго не
падобны. Пасля прагляду відэа,
далучанага да справы Аляксейкавым, суддзя сыйшоў для прыняцця пастановы,
абвясціўшы перапынак на 20 хвілін.
Перапынак, падчас якога Сцяпанаў рыхтаваў пастанову,
працягнуўся ў два разы даўжэй. А, вярнуўшыся ў залу, ён зачытаў пастанову, у
якой прызнаў, што Аляксейкаў вінаваты ў здзяйсненні правапарушэння,
прадугледжанага часткай 3 артыкула 23.34 КабАП і прызначыў яму пакаранне ў
выглядзе арышту на 10 сутак. У пастанове Сцяпанаў адзначыў, што доказам віны
Аляксейкава ён палічыў паказанні сведкі Лізунова, які паведаміў пра атрыманую
ім аператыўную інфармацыю.
«У суддзі не ўзнікла сумневаў у
дачыненні дакладнасці дадзенага тлумачэння сведкі. Сцвярджэнні Аляксейкава, а
таксама звесткі апытаных паводле ягонага хадайніцтва сведкаў і прадстаўленыя
Аляксейкавым фотаматэрыялы пікетавання, якія з’явіліся прадметам даследавання
суддзёй, варта расцэньваць не інакш, як недакладныя доказы», – зачытаў
напісанае ў сваёй пастанове суддзя Уладзімір
Сцяпанаў.
Падчас агалошвання выраку прысутныя адвярнуліся ад суддзі.
У зале суда Аляксандр Аляксейкаў не быў затрыманы і калі яго забяруць
адбываць прызначанае пакаранне, пакуль невядома.
«Гэта проста сапраўднае прававое бязмежжа.
Абвінавачванне не можа грунтавацца на дапушчэннях. А тут нейкія няпэўныя
аператыўныя інфармацыі, нейкія размытыя скрын-шоты, дзе не бачна твару таго,
каго называюць мной, адсутнасць запатрабаванага судом адказу ад сотавага
аператара – куча сумневаў, якія, паводле закону, павінны разглядацца на маю
карысць. І тым не менш, суддзя прымае рашэнне аб тым, што я вінаваты, хаця я
там сапраўды не быў. Я буду абскарджваць гэтае рашэнне», – пракаментаваў
вырак суду Аляксандр Аляксейкаў.