На работніка Мазырскага НПЗ, які прысаромеў калег, склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі
Палеская Вясна
29.10.2020
29 кастрычніка
аператар адной з установак Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Вячаслаў
Астанін выйшаў да прахадной заводу з плакатам «Не сорамна перад Азотам?»
Спачатку да яго падыйшоў ахоўнік прадпрыемства. Пазней
прыехалі міліцыянты і забралі яго ў Мазырскі РАУС. Як паведаміў Палескай Вясне
Вячаслаў, там яго пратрымалі 5 гадзін, апытвалі. Потым далі падпісаць нейкую
паперу аб абавязанні з’явіцца ў РАУС а 18-й гадзіне.
Увечары Вячаслаў прыйшоў у РАУС з цёплымі рэчамі, ежай ды
сродкамі гігіены, гатовы да таго, што яго затрымаюць. Але яму выдалі копію
пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле часткі 1 артыкула 23.34 за ўдзел у
несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама ўзялі адбіткі пальцаў.
«З папярэдніх
размоваў з калегамі, магу сцвярджаць, што на Мазырскім НПЗ мяне падтрымлівае
большасць калектыву. На жаль, пакуль не многія гатовыя далучыцца да агульнанацыянальнага
страйку праз вялікі ціск і запужванні з боку кіраўніцтва. Мне зараз звальненнем
не пагражалі, але намякнулі, што могуць не працягнуць кантракт, які скончваецца
ў мяне ў студзені», - падзяліўся Вячаслаў Астанін.