«Возмездие» альбо правакацыя? Меркаванне праваабаронцы пра начны падпал кабінета ў будынку ДАІ Мазыра

Палеская Вясна 28.10.2020

>Раніцай 28 кастрычніка навінавыя стужкі розных медыяў з падачы тэлеграм-каналаў МУС і Следчага камітэта абляцела навіна пра тое, што ў Мазыры здзейснены падпал кабінета ў будынку, дзе размешчаны мясцовы аддзел Дзяржаўтаінспекцыі. Але навіна адразу ж выклікала недавер у чытачоў. Палеская Вясна пацікавілася, што пра інцыдэнт мяркуюць у Мазыры.


Скрын-шот з відэа YouTube-канала УУС Гомельскага аблвыканкаму.

У мясцовых тэлеграм-чатах можна пабачыць меркаванні рознага кшталту. Ад «я ганаруся, што нехта вырашыў не толькі хадзіць пад АМАПаўскія дручкі з кветкамі і балонікамі, але пачаў сапраўднае партызанскае змаганне» да «відавочная правакацыя, чакайце жорсткасці да актывістаў».

І сапраўды, МУС паведаміла, што паводле версіі міліцыі, нехта прыкладна а 3.30 ночы пабіў шыбу ў кабінеце з двара мясцовага аддзелу ДАІ, укінуў туды пляшку з запальвальнай сумессю і на сцяне пад пабітым вакном напісаў «Адплата!» (у арыгінале па-расійску - «Возмездие!»). Пры гэтым аператыўная група Мазырскага РАУС апынулася на месцы праз хвіліну і яе супрацоўнік нават паспрабаваў быў тушыць кабінет аўтамабільным вогнегаснікам, але патушылі ўзгаранне супрацоўнікі МНС.


Скрын-шот з відэа YouTube-канала УУС Гомельскага аблвыканкаму.

У той жа час, на відэа, выкладзеным МУС, не заўважна ў спаленым кабінеце аніякіх пляшак – ні пабітых, ні цэлых. Затое, бачна як супрацоўнікі Следчага камітэта нюхаюць кавалак старой пліты ДСП (відавочна – ад падлогі альбо падваконня) і кажуць: «Бензінам смярдзіць», «Так, нешта такое – бензін, салярка».

Як паведаміла дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, да расследавання здарэння падлучыўся КДБ, які кваліфікуе выпадак, як тэрарыстычны акт (МУС і СК узбудзілі зраніцы крымінальную справу паводле артыкулу «злоснае хуліганства»).


Скрын-шот з відэа YouTube-канала УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Варта таксама нагадаць, што Мазыр зрабіўся адным з раённых цэнтраў, дзе супрацоўнікі розных падраздзяленняў мясцовага РАУС, паводе сведчанняў пацярпелых, ужывалі надзвычайную жорсткасць падчас катаванняў людзей, затрыманых на мірных сходах у першыя дні пасля выбараў. У мясцовы аддзел Следчага камітэту пададзена некалькі дзясяткаў заяваў пра збіццё ў памяшканнях РАУС. Пазней матэрыялы праверак паводле гэтых заяваў забрала абласное ўпраўленне СК. На цяперашні момант ніводнай крымінальнай справы за катаванні ў Мазырскім РАУС не заведзена.  

Сваім меркаваннем пра тое, што адбылося і пра тое, што можа азначаць для мазырскай грамадскасці інцыдэнт з пажарам у ДАІ, падзяліўся кіраўнік Мазырскай філіі Правабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Целяпун:


Уладзімір ЦЕЛЯПУН. 

«Будынак, дзе месціца ДАІ – гэта былы штаб 33-й ракетнай дывізіі. Там жа з тарца знаходзіцца Фінансавая міліцыя. Вакол гэтага будынка размешчаныя натарыяльная кантора №2, крама, Белінвестбанк, Абласны ліцэй, дзе на кожным, у тым ліку і гэтым будынку ёсьць камеры відэаназірання. Падыйсці, зрабіць надпіс, разбіць шкло акна і закінуць туды падпаленае  рэчыва - трэба добра арыентавацца і рабіць вельмі хутка. Ды яшчэ і а палове на чацвёртую раніцы там апынуўся нейкі “мясцовы жыхар”, які паведаміў пра пажар, але, чамусьці не ў пажарную службу, а ў міліцыю, якая адправіла туды аператыўную групу, што прыехала праз хвіліну. Супярэчлівая інфармацыя СК, Крымінальнага вышуку - не паведамляецца ці была бутэлька з гаручай вадкасцю, ад яе шкло у пакоі не знойдзена. На маю думку, паусюль ва ўстановах горада вядзецца рамонт будынкаў і памяшканняў, а памяшканні ў ДАІ ня ў лепшым стане. Гэта больш змахвае на правакацыю. З вуснаў былога прэзідэнта прагучала - пяройдзена чырвоная рыса, трэба жорсткія захады, вось і шукаюць як зачапіцца. У нядзелю, калі такая значная колькасьць сілавікоў, блакавала дзіцячую пляцоўку і пужала дзяцей і іх бацькоў, не спрацавала. Людзі перасталі іх баяцца. Біць пры дзецях дарослых, не наважыліся, але правакавалі даволі істотна. Рэжым прагне крыві. Узрываць мятро, як у 2011-м, пакуль не наважыліся. Але, бачна, што шукаюць нагоду і зачэпку. Нездарма сёння Караеў заявіў, што трэба ўцягваць у рэпрэсіі ўвесь склад МУС. Найбольш лютуе АМАП, але іх не чапаюць. Вось і адбываюцца “тэракты”, скіраваныя на тыя падраздзяленні МУС, якія найменш задзейнічаныя ў жорсткіх рэпрэсіях і гвалце».