У Рэчыцы адбыліся адвольныя прэвентыўныя затрыманні людзей, якія выязджалі ў Мінск
Палеская Вясна
26.10.2020
>
Паміж 6 і 8
гадзінамі раніцы 25 кастрычніка на выездзе з Рэчыцы супрацоўнікі ДАІ спынілі
два аўтамабілі з з пасажырамі і пад надуманымі падставамі прымусілі іх патрапіць у
РАУС, дзе пратрымалі некалькі гадзінаў. Аднаго затрыманага так і не вызвалілі.
Як распавялі Палескай Вясне самі затрыманыя, яшчэ з самай
раніцы яны заўважылі ў раёне прыватнай забудовы, які носіць назву «Верталётная пляцоўка»
падазроную актыўнасць патрулёў дзяржаўтаінспекцыі. Калі ж жыхары Рэчыцы на двух
аўтамабілях вырушылі з вуліцы Вялікай Садовай на заходні абход горада, каб далей
ехаць на шашу ў бок Мінску, іх пачала пераследаваць аўтамашына ДАІ, якая чакала
іх каля выезду з вуліцы.
Адразу пасля павароту на шашу Р-82 Рэчыца – Парычы, экіпаж ДАІ падаў знак
праблясковымі маячкамі, каб аўтамабілі прыціснуліся да збочыны і спыніліся.
Адной з машынаў кіравала жанчына, іншаю мужчына. Вынікам стала тое, што
міліцыянты заявілі, што нібыта аўтамашына жанчыны знаходзіцца ў вышуку, таму ёй
трэба праехаць у ДАІ для высвятлення абставінаў. А ў мужчыны быццам бы надта
пашыраныя зрэнкі, што выклікае падазрэнні аб тым, што ён ужываў наркатычныя
сродкі, таму яму трэба праехаць на медычнае асведчанне і здачу аналізу. Разам з
кіроўцамі затрымалі і пасажыраў нібыта для высвятлення нейкіх акалічнасцяў
таго, калі і пры якіх абставінах яны ўжывалі наркатычныя сродкі.
Паводле вынікаў так званага «разбіральніцтва», якое доўжылася некалькі
гадзін, жанчыне-кіроўцу патлумачылі, што ранейшы ўладальнік аўтамабіля
(набытага цяперашняй уладальніцай 6 гадоў таму) часта трапляўся за парушэнні
ПДР і не выплаціў нейкія штарфы, таму ўзнікла такая сітуацыя. Іншы кіроўца здаў
аналіз на наркотыкі, але вонкавае асведчанне лекарам-нарколагам не выявіла ў
яго стане нейкіх адхіленняў, якія маглі б быць звязаныя з ужываннем наркотыкаў.
Аналіз мусіць быць гатовы 30 кастрычніка і на гэтую дату яму выдалі позву у
РАУС на развязанне пытання аб завядзенні супраць яго справы. Пасажыраў аўтамабіляў
у РАУС апыталі ці не ўжывалі яны наркатычныя рэчывы, патрабуючы адказаць на
пытанні як гэта адбывалася.
Пасля апытанняў аднаго з пасажыраў – Аляксандра
Чыкунова пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання Рэчыцкага РАУС для адбыцця
9 сутак арышту, якія ён не адбыў пасля аднаго са сваіх затрыманняў адразу пасля
выбараў. Іншых удзельнікаў інцыдэнту пасля абеду вызвалілі.