«Мы хацелі дыялогу». Жыхары Мазыра у судзе аспрэчвалі адмову сабраць сход выбаршчыкаў аб адкліканні дэпутата парламенту
Андрусь ГАЁВЫ
25.10.2020
>
20 кастрычніка
адбылоя выяздное паседжанне Суда Мазырскага раёну, на якім разглядалі скаргу
больш як 330 чалавек на адмову Прэзідыуму мясцовага савету дэпутатаў сабраць
сход выбаршчыкаў у пытанні адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад
Мазырскай выбарчай акругі № 42 Валянціны Назаранкі.
Скаргу разглядала суддзя Юлія Мішчанка. На паседжанне з’явіліся амаль 90 заяўнікаў. Пры
гэтым дэпутатка Валянціна Назаранка, ініцыяваць адкліканне якой збіраліся
мазырскія выбаршчыкі, на паседжанне суда не палічыла патрэбным прыйсці.
Цікавасці Мазырскага раённага савету дэпутатаў, прэзідыум
якога адмовіў выбаршчыкам у правядзенні сходу, даручылі прадстаўляць паводле
даверанасці загадчыцы юрыдычнага аддзелу Мазырскага райвыканкама Наталлі Рэберт.
Калі суддзя запыталася аб хадайніцтвах, многія заяўнікі,
выйшаўшы да мікрафону, прасілі пра тое, каб на працэс была запрошаная дэпутатка
Назаранка. Але гэтыя хадайніцтвы былі адхіленыя. Прысутны падчас разгляду
справы прадстаўнік пракуратуры Аляксандр
Бычкоўскі заявіў, што скарга не супраць дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, а
супраць райсавета дэпутатаў.
Ад імя ўсіх заяўнікаў патрабаванні скаргі агучыў выбаршчык
Вадзім Канавод. Пасля чаго ён заявіў
адвод Наталлі Рэберт на той падставе, што яна з’яўляецца супрацоўніцай
выканаўчай галіны ўлады, а адказчыкам па скарзе выступае прадстаўнічая галіна
мясцовай улады. Наталля Рэберт на гэта сказала, што яна ацэньвае і візуе ўсе
рашэнні Мазырскага раённага савета дэпутатаў, згодна з рэгламентам ягонай
працы.
Суддзя Юлія Мішчанка абвясціла, што для развязання
хадайніцтва аб адводзе прадстаўніка раённага савету выдаляецца ў дарадчы пакой.
Там яна раілася каля двух гадзін і, вярнуўшыся, абвяціла аб адмове ў задавальненні
хадайніцтва на той падставе, што Наталля Рэберт мае даверанасць раённага
савету.
Пасля гэтага пачаўся разгляд справы паводле сутнасці.
Вадзім Канавод распавёў, што неаднаразова звяртаўся да дэпутаткі Валянціна
Назаранкі, каб яна, ускарыстаўшыся сваімі дэпутатцкімі паўнамоцтвамі паўплывала
на расследаванне выпадкаў гвалту і катаванняў грамадзян у першыя паслявыбарныя
дні ў Мазырскім РАУС. Але Назаранка не накіроўвала прадстаўленняў альбо запытаў
на гэты конт. Тры выбаршчыкі накіравалі ёй асабістыя звароты наконт парушэння
сваіх правоў падчас выбараў, але ў адказ атрымалі абсалютна ідэнтычныя адпіскі,
у якіх не было адказаў на ўзнятыя пытанні.
Падчас разгляду суддзя, прачытаўшы рашэнне Мазырскага
райвыканкама аб утварэнні ў Мазырскім раёне выбарчых участкаў, высветліла, што
месца жыхарства Вадзіма Канавода належыць да іншай выбарчай акругі – Палескай №
43. Яе ў парламенце прадстаўляў іншы дэпутат – Леанід Пісанік. Але рашэнне пра ягонае адкліканне з Палаты
прадстаўнікоў было прынятае на самым высокім узроўні – 8 кастычніка зрабілася
вядома, што Леанід Пісанік памёр.
Тым не менш, Вадзім Канавод заявіў, што ён лічыць, што
адносіцца да 42-й акругі, на ўчастку якой і браў удзел у галасаванні. Разгляд
справы працягнуўся. Пасля некаторага абмеркавання бяздзейнасці дэпутаткі
Назаранкі ў паслявыбарчыя месяцы і адсутнасці рэакцыі на вядомыя факты
фальсіфікацыяў выбараў, гвалту да грамадзян краіны, слабым арыентаванні ў
справе прызнання вынікаў ранейшых выбараў міжнароднай супольнасцю дэпутаткі,
якая ўваходзіць у склад камісіі ў міжнародных справах, Вадзім Канавод
акцэнтаваў увагу суда, што падства для скаргі – адмова Прэзідыуму райсавета ў
скліканні сходу выбаршчыкаў ў пытанні аб адкліканні дэпутаткі.
«Артыкул 24
Выбарчага кодэкса адназначна акрэслівае паўнамоцтвы Прэзідыуму райсаветаў у
справе адклікання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. І такіх паўнамоцтваў там
пералічана два – скліканне сходу і праверка сапраўднасці подпісаў ініцыятараў
такога сходу ў падпісных лістах. Такім чынам, лічу, што, адмовіўшы нам у
скліканні сходу, раённы савет дэпутатаў перавысіў свае паўнамоцтвы», – заявіў Вадзім
Канавод.
Пасля яго выступу заслухваліся выступы шэрагу іншых
заянікаў.
«Паводле
Выбарчага кодэксу, калі больш за 150 выбаршчыкаў жадаюць склікаць сход
выбаршчыкаў у пытанні адклікання дэпутата, абавязак раённага савету такі сход
склікаць. Гэта спосаб пачатку дыялогу і пошуку рашэння склаўшагася крызісу. А
Прэзідыумам райсавету дэпутатаў была дадзеная ацэнка матываў склікання сходу,
што дзеючае заканадаўства не прадугледжвае», – казала адна
з заяўніц.
«Мая дачка была
назіральніцай на выбарчым участку. Яе пазбавілі нармальнай магчымасці назіраць,
мяняючы правілы проста па ходзе выбарчай кампаніі. Але нават тое, што ёй
атрымалася ўбачыць ніяк не стасавалася з тым, што ў выніку напісалі ў
пратаколах. Дачка была расчараваная ў ходзе выбарчай кампаніі. І, патрабуючы
склікання сходу выбарчшчакаў, мы разлічвалі на пошук шляхоў вырашэння ўзніклых
праблемаў у прававым полі. Але прэзідыум райсавета адмовіў нам у такім сходзе.
Гэта – тупік! Менавіта таму цяпер дзеля адстойвання сваіх правоў людзі мусяць
хадзіць на шэсці, парушаючы нейкія, прынятыя гэтай уладай законы. Але дзржава
павінна была б выкарыстоўваць любыя спосабы, каб наладзіць дыялог. І сход мог
стаць у нашым горадзе адным з такіх спосабаў. Дзяржава ж ад яго адмовілася!», – сказала
іншая заяўніца.
«Што казаць пра
агульнабеларускі дыялог, калі нават на нашым мясцовым узроўні такі дыялог
адмовілася праводзіць мясцовая ўлада? Мы ж усяго толькі хацелі дыялогу. Ёсць
правіла склікання сходу выбаршчыкаў, але, як бачым, яно не працуе. Дамагчыся
яго аказалася немагчымым», – выступіў яшчэ адзін заяўнік.
На ўсе выступы заяўнікаў прадстаўніца райсавета адказала,
што нягледзячы на тое, што ў артыкула 24 Выбарчага кодэкса паўнамоцтвы
прэзідыума райсавета акрэсленыя, як праверка сапраўднасці подпісаў пад
патрабаваннем аб скліканні сходу і скліканне сходу, у артыкуле 131 маецца
згадка пра тое, што ў выпадку адхілення прапановы аб правядзенні сходу, ягоным
ініцыятарам даецца копія матываванага рашэння пра гэта, якая можа быць
абскарджаная ў суд. Адпаведна, на думку Наталлі Рэберт, прэзідыум райсавета мае
права адмовіць у правядзенні схода.
Пасля гэтага суддзя агучыла пісьмовыя матэрыялы справы. Там
аказаліся і зыпыты Назаранкі да Следчага камітэта, на якія адтуль адказвалі,
што па заявах аб гвалце ў міліцыі праводзяцца праверкі, справы не ўзбуджаныя.
Таксама былі агучаныя практычна ідэнтычныя адказы дэпутаткі на тры звароты
выбаршчыкаў. Пасля гэтага пачаліся судовыя спрэчкі.
«Мы, як
законапслухмяныя грамадзяне, хочам вырашаць праблемы ў прававым полі. Сваім
рашэннем суд можа прадэманстраваць, што закон у нашай краіне яшчэ жывы. Бо
цяпер усё больш і больш грамадзян адчайваюцца абараніць свае правы законным
спосабам. Артыкул 24 Выбарчага кодэкса ўтрымлівае толькі два паўмамоцтвы
прэзідыума райсавета ў справе ініцыявання сходу выбаршчыкаў. І паўнамоцтваў
ацэньваць мэтазгоднасць такога сходу там няма», – сказаў Вадзім Канавод падчас судовых спрэчак.
«Абскарджваемае
рашэнне адпавядае патрабаванням заканадаўства, а довады ў скарзе лічу
неабгрунтаванымі», – адказала на гэта загадчыца юраддзелу райвыканкама Наталля Рэберт.
«Трэба сыходзіць
не з эмоцыяў, а з закону. Заяўнікі спасылаюцца на артыкул 24. Гэта добра. Але
артыкул 131 кажа, што па выніках разгляду прымаецца рашэнне – альбо задаволіць,
альбо адмовіць. Таму скарга ў гэтай частцы неабгрунтаваная», – сказаў
прадстаўнік пракуратуры Аляксандр
Бычкоўскі.
Пасля працяглага перапынку больш як у дзве гадзіны суддзя
Юлія Мішчанка агучыла сваё рашэнне:
у задавальненні скаргі групы выбаршчыкаў на рашэнне Прэзідыуму Мазырскага
раённага савету дэпутатаў аб адмове ў скліканні сходу выбаршчыкаў у пытанні
адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў адмовіць.
«Да таго, што
адбывалася ў гэтым судзе, я не магу ставіцца інакш, як да таго, што гэта ў
любым выпадку для нас выйгрышная сітуацыя. Альбо мы выйграем справу, альбо мы
прайграем справу, але яшчэ адзін суддзя, яшчэ адзін пракурор, яшчэ адзін
прадстаўнік дзеючай цяпер улады ўпісваюць свае прозвішчы ў спіс тых, хто пасля
змены ўлады мусіць панесці адказнасць за свае незаконныя дзеянні. Ніякі рэжым
не вечны. І рана ці позна будзе разглядацца і гэтая нябачная пакуль справа,
новыя фігуранты якой дадаліся сёння да тых, хто фальсіфікаваў вынікі выбараў,
хто збіваў людзей на вуліцах, плошчах, у аддзелах міліцыі і вязніцах, хто
ўсяляк адцягвае расследаванне гэтых фактаў гвалту, хто аддаваў загады на гэтыя
парушэнні. Мы сёння пабачылі такое вось выбарачнае чытанне законаў – улада шукае
створаныя самой сабой лазейкі ў законах, каб толькі не задаволіць патрабаванні
вялікай колькасці людзей. Але абавязкова настане час, калі законы будуць
чытацца так, як там напісана!», – пракаментаваў вынікі суда ініцыятар скаргі Вадзім Канавод.