«Пасля складанай выбарчай кампаніі». Афіцыйныя прафсаюзы прапануюць ільготнае аздараўленне для чальцоў выбарчых камісіяў

Палеская Вясна 06.10.2020

У бюджэтных установах Рэчыцы прафсаюзныя арганізацыі рассылаюць сваім супрацоўнікам паведамленні аб тым, што неабходна дапамагчы аднавіцца старшыням і чальцам выбарчых камісіяў «пасля складанай выбарчай кампаніі».

Чытачы Палескай Вясны даслалі ў рэдакцыю скрын-шот паведамлення, якое рассылаецца у працоўным чаце адной з навучальных установаў Рэчыцы, у якой у жніўні месціўся ўчастак па выбарах прэзідэнта і працавала выбарчая камісія.

Як удакладніла крыніца, гэтыя паведамленні перасылаюцца зверху ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Ад яе, імаверна, такую інфармацыю запытвае афіцыйная федэрацыя прафсаюзаў і цэнтральны камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.


Работнікам прапануюць вызначыць спісы тых, хто мае патрэбу ў аздараўленні. Пры гэтым асаблівы ўпор прапануецца зрабіць на тых, хто перахварэў на каранавірус, альбо быў задзейнічаны ў выбарчых камісіях.

«Гэта ў большай ступені тычыцца людзей, якія перахварэлі на каранавірус, альбо тых, каму трэба аднавіцца пасля складанай выбарчай кампаніі (старшыні ўчастковых выбарчых камісіяў, чальцы тэрытарыяльных і д.т.п.) Кошт пуцёвак будзе значна кампенсавацца», – гаворыцца ў паведамленні.

У наступных паведамленнях удакладняецца, што для такога аздараўлення будзе адмыслова прадстаўлены адпачынак і такую магчымасць абмяркоўвалі «на ўзроўні намесніка міністра адукацыі». Таксама ўдакладняюць, што аздараўленне прадастаўляюць і для чальцоў выбарчых камісіяў.