«Каб міліцыянту сорамна было». Жыхар Рэчыцы распавёў як яго затрымлівалі, арыштавалі і абвінавацілі ў абразе міліцыянта

Андрусь ГАЁВЫ 05.10.2020

>>

Пост у тэлеграм-чаце з выявай міліцыянта, які выступае сведкам на рэпрэсіўных судовых паседжаннях, стаў нагодай для затрымання жыхара Рэчыцы.


Юрый ШЧУЧКО.

«Лукашэнка сказаў, што цяпер не да законаў»

14 верасня ў Рэчыцы затрымалі ўдзельніка мірных пратэстаў Юрыя Шчучко. Напярэдадні, 13 верасня, ён браў удзел у шэсці ў Гомелі. Там ён нёс 25-мятровы сцяг, пашыты жанчынай з Рэчыцы. У Гомелі, калі пачаліся затрыманні, Юрый здолеў уцячы.


«Я, калі прыехаў увечары дамоў, паглядзеў, што адбывалася ў іншых гарадах. Мяне моцна абурыла відэа з Жодзіна, дзе міліцыянт ударыў жанчыну ў твар. І тады я вырашыў, што супрацоўнікі карных органаў мусяць несці хаця б нейкую маральную адказнасць за ўдзел у рэпрэсіях і гвалце. Я знайшоў у сацсетцы “Аднакласнікі” старонку намесніка начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Рэчыцкага РАУС Дзяніса Каўганава. Ён на некалькіх судах, дзе чыніліся палітычныя расправы над удзельнікамі і назіральнікамі на мірных шэсцях у нашым горадзе, сведчыў, што людзі былі на гэтых акцыях. У адным з рэчыцкіх тэлеграм-чатаў я і змясціў фота міліцыянта», – распавядае Юрый Шчучко.

Назаўтра каля 12 дня мне патэлефнаваў участковы з прозвішчам Шурмель.

«Ён хацеў, каб я з’явіўся у райаддзел міліцыі, казаў, што трэба паразмаўляць наконт удзелу ў жнівенькіх акцыях. Але я неяк не гарэў жаданнем туды ісці, таму сказаў, што я не ў Рэчыцы. Таксама сказаў, што літаральна за некалькі дзён да таго, сам Лукашэнка ў тэлевізары заявіў, што цяпер не да законаў, адпаведна, дазволіў у нашай краіне законы парушаць», – кажа Шчучко.

Юрый дакладна не ўяўляў, чым можа быць выкліканая цікавасць міліцыянтаў. Ён думаў, што ў Тэлеграме яго не вылічаць. За некалькі дзён да таго ён асабіста павесіў шматмятровы нацыянальны сцяг на доме каля адной з галоўных плошчаў горада. Але пра тое, што гэта зрабіў ён, ніхто больш не ведаў, і Юрый быў упэўнены, што пра гэта міліцыя не можа ведаць.


Сцяг, які вывесіў Юрый Шчучко.

«Праз нейкі час пасля званка ўчастковага мне ў дзверы пагрукалі. Але я вырашыў не адчыняць. Грукацелі ў дзверы хвілін 20. Потым раптам патухла святло. Я зразумеў, што яны адмыслова выключылі аўтамат у шчытку, каб я выйшаў. Але я выходзіць не стаў, а назіраў, як яны выйшлі з пад’езда. Яны трохі паразмаўлялі з суседскімі бабулямі і сыйшлі. Праз хвілін 40 я выйшаў на пляцоўку і ўключыў аўтамат. Яшчэ хацеў прыкруціць дзвёрку шчытка наглуха самарэзам. Але не стаў. Праз дзве гадзіны зноў у дзверы грукалі. Я не адчыняў», – узгадвае Юрый.


Міліцыянты сыходзяць ад пад'езду, дзе жыве Шчучко.

Затрыманне

Але на 18 гадзін у Юрыя была прызначаная сустрэча. Таму ён надзеў шапку, кавідную маску і выйшаў з дому. Дайшоў да сквера за гарадскім палацам культуры. Там, на вуліцы Інтэрнацыянальнай заўважыў Hyundai Santa Fe колеру шэрага металіка, рухі якога падаліся яму падазронымі. Але ён сам сябе заспакоіў, палічыўшы, што гэта з-за ягонага хвалявання.

«За крамай “МинскКристалл” да мяне падбёг хлопец у масцы, схапіў за руку і пачаў казаць “Мужчына, трэба з вамі паразмаўляць”. Я, не спыняючыся, пытаў у яго хто ён такі, але ён не адказваў, а проста паўтараў, што паразмаўляць трэба. На светлафоры як раз толькі загарэлася чырвонае святло, але машыны яшчэ не рушылі і я рвануў на іншы бок Савецкай. Той хлопец застаўся на светлафоры. Я разумеў, што гэта супрацоўнік сілавых структур, хаця адзеннем ён быў да нейкага гопніка падобны. Я дабёг да так званага “квадрату” – двара дома на Савецкай, 83 і знясілеў. А той хлопец, значна маладзейшы за мяне, хоць і запыхаўся, але дагнаў мяне ў двары. Я пашкадаваў, што даўно не займаюся спортам», – наракае Юрый Шчучко.

Пры гэтым, паводле словаў Юрыя, супрацоўнік казаў, што яму ўсё адно не ўцячы, «будзеш ведаць, як у інтэрнэце пісаць». Пасля апошняй фразы Юрый зразумеў нагоду для затрымання.

Ён вырашыў папярэдзіць родных пра немінучае затрыманне. Развярнуўся і літаральна пацягнуў хлопца, што вісеў на руцэ, да чорнага ўваходу ў краму «Тавары для дома». Там працавалі знаёмыя Юрыя. Ён разам з супрацоўнікам у цывільным увайшлі ў гандлёвую залу. Там убачыў знаёмага і сказаў, каб напісалі ў чаты. Потым здаўся. Прыехаў яшчэ адзін супрацоўнік, таксама ў цывільным, і на тым Хёндэ яго павезлі ў РАУС.


«Каб ведаў, як у інтэрнэце пісаць». Допыты і арышты

У РАУС, як распавядае Юрый, яго дапытвалі гадзіны тры. Адразу прыйшлі супрацоўнікі, якія прадставілі дакументы ўпаўнаважаных упраўлення ўласнай бяспекі. Прозвішча аднаго, якое запомніў Юрый, – Грышчанка.

«Яны спачатку пагражалі нейкім экстрэмізмам. Цікавіліся, з якой мэтай выклаў у чат фота Каўганава і яшчэ адно і пытаў пра іхнія машыны. Я сказаў, што размясціў фота, каб міліцыянту было сорамна за тое, у чым ён удзельнічае. Яны патрабавалі адкрыць тэлефон, я адмаўляўся. Тады яго забралі пад вопіс, сказалі, што 50% імавернасці, што яго ўскрыюць. Потым прыйшоў участковы Шурмель і прынёс два пратаколы за шэсці 23 і 29 жніўня. Пасля іх афармлення мяне закрылі ў ізалятар часовага ўтрымання», – распавядае Юрый.

У наступны дзень, 15 верасня каля 16 гадзін яго вывелі ў кабінет начальніка ІЧУ. Зноў прасілі адкрыць тэлефон, ён нейкі час адмаўляўся. Але пад пагрозамі, што на яго павесяць нейкі экстрэмізм, Юрый, усё ж, паказаў тое, што іх цікавіла – пасты наконт Каўганава і скрын старонкі з Аднакласнікаў. 

Потым, як узгадвае Юрый, яны прычапіліся да слова «упырь», ужытага Юрыем у пасце ў дачыненні да міліцыянта.

«Яны нават паказалі копію старонкі са слоўніка Даля, дзе “упырь” тлумачылася як “кровопийца”. Потым мне было чуваць, як яны вырашалі у межах якой справы – адміністрацыйнай ці крымінальнай афармляць апытанне мяне. У выніку вырашылі апытваць паводле крымінальнай справы за абразу. Пасля сканчэння яшчэ прымусілі запісаць відэа з выбачэннямі. Яны сказалі, што суд гэта расцэніць як раскаянне і дасць пару месяцаў арышту, а інакш – да трох гадоў турмы», – кажа актывіст.

Недзе каля 23 гадзін яго вярнулі ў камеру. На наступны дзень проста ў ІЧУ прайшоў суд, на якім суддзя Станіслаў Іванюценка прысудзіў яму 10 сутак арышту за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. На 9-я суткі зняволення зноў адбыўся суд і той жа суддзя дадаў яшчэ чацвёра сутак. Падчас арышту да Юрыя ў ІЧУ прыходзіў пракурор, які даў яму падпісаць паперу, што ён азнаёмлены з артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса, дзе гаворыца пра арганізацыю грубых парушэнняў грамадскага парадку альбо ўдзел у іх.


27 верасня Юрыя Шчучко вызвалілі. 28 верасня ён вырашыў не чакаць працягу палітычнага пераследу і эвакуяваўся з краіны. Зараз ён знаходзіцца ў бяспечным месцы.