Рэпрэсіўны канвеер закрытых судоў у Светлагорску

Палеская Вясна 30.09.2020

>>>

Пасля нядзельнага выхаду актыўных жыхароў горада з намерам паказаць сваё непрыманне фальсіфікацыяў і гвалту, дваіх чалавек зняволілі, чацвярым прысудзілі значныя штрафы. Суды адбываліся закрыта ад грамадскасці.


27 верасня ў Светлагорску людзі выйшлі да гандлёвага цэнтру «Березки» каб паказаць, што яны не згодныя з фальсіфікацыямі выбараў, у выніку якіх Лукашэнка мусіў правесці таемную інаўгурацыю, а таксама з гвалтам сілавікоў па ўсёй краіне.

Мясцовая міліцыя прыбыла да гандлёвага цэнтру ў даволі значнай колькасці і амаль адразу пачалі прадпрымаць спробы затрымаць гараджан, якія мірна выказвалі сваё меркаванне. Была затраманая Таццяна Верас. Пасля спрабавалі затрымаць жанчыну з дзіцём у вазочку. Але людзі пачалі бараніць маладую маці. У выніку яе суправадзілі амаль дадому, каб не даць затрымаць.

У гэты час група людзей рушыла па вуліцы Калініна. Там міліцыянты адцяснілі ўдзельнікаў мірнага сходу праз лясны масіў і пачалі затрымліваць. Былі затрыманыя Васіль Барбуцька, Алена Русіновіч, Вадзім Паветка, Анатоль Кніга, Маскім Сімакоў. Іншыя ўдзельнікі мірнага сходу падыйшлі да раённага аддзела ўнутраных справаў, каб дамагчыся інфармацыі пра лёс затрыманых. Міліцыянты нікому нічога не паведамілі.

Але праз некаторы час вызвалілі Максіма Сімакова. Ён працуе натарыусам і мае юрыдычную адукацыю. Жыхары Светлагорска спадзяваліся, што і іншых затрыманых пасля складання папераў вызваляць. Але больш ніхто з РАУС не выйшаў. А праз 40 хвілін сілавікі паехалі дамоў да Сімакова і забралі і яго.


28 верасня ад 9 гадзіны раніцы пад будынкам суда сабраліся людзі, якія хацелі патрапіць на судовыя пасяджэнні, каб бачыць, як адбываюцца рэпрэсіўныя прысуды. 21 чалавек падалі заявы на імя старшыні суда аб неабходнасці забяспечыць адкрытасць судовых працэсаў над затрыманымі 27 верасня. Але старшыня суда Светлагорскага раёна Сяргей Багінскі проста праігнараваў усе заявы.


У выніку суддзя Аляксандр Валодзькін паехаў у ізалятар часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС, дзе правёў фактычна закрытыя судовыя працэсы, якія афіцыйна карная сістэма называе «выязднымі». Падчас гэтага закрытага судовага канвеера Аляксандр Валодзькін пастанавіў арыштаваць Вадзіма Паветку і Анатоля Кнігу на 15 і 12 сутак адпаведна. Алену Русіновіч і Васіля Барбуцьку аштрафаваў адпаведна на 25 і 23 базавыя вялічыні (675 і 621 рубель адпаведна). Акрамя ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве іх яшчэ абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі. 20 базавых вялічыняў (540 рублёў) штрафу Аляксандр Валодзькін прысудзіў Таццяне Верас і 30 базавых (810 рублёў) Максіму Сімакову.



Караўніца Светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алена Маслюкова такім чынам пракаментавала сітуацыю:

«Канстытуцыя ды іншыя законы нашай краіны прадугледжваюць адкрытасць судовых працэсаў у нашай краіне. Але апошнім часам па факце карная сістэма ўсё больш актыўна выкарыстоўвае фактычна закрытыя судовыя паседжанні па адміністрацыйных справах, выкліканых ажыццяўленнем палітычных правоў. На мой погляд, гэта робіцца наўмысна, каб не ставіць так званых суддзяў у няёмкае становішча, калі сведкамі парушэння правоў чалавека гэтымі чыноўнікамі рабіліся б дзясяткі іхніх землякоў. Кіраўніцтва суда спасылаецца на тое, што пры вялікай колькасці рэпрэсуемых у будынку суда не хапае залаў для правядзення працэсаў, на якіх маглі б прысутнічаць слухачы. Таму ладзяць, як яны самі іх называюць, “выяздныя” паседжанні проста ў месцах зняволення, куды ніхто трапіць не можа. Але побач з будынкам суда ёсць іншыя залы – у цэнтры культуры, у школах. Праводзьце адкрытыя паседжанні там! Я лічу, што служкі рэжыму разумеюць, што здзяйсняюць злачынствы, таму імкнуцца пазбавіцца сведкаў гэтага».