У Рэчыцы затрымалі актывістку, якая ў дзень народзінаў Лукашэнкі прынесла да райвыканкама вяроўку з пятлёй

ПАлеская Вясна 25.09.2020

>>>>>>

24 верасня па інтэрнтэт-чатах распаўсюджвалася інфармацыя аб тым, што ў Рэчыцы пачалі масава затрымліваць актывістаў, ломячыся ў жытлы і вывозячы людзей. Рабілі гэта нібыта невядомыя на цівільных аўтамабілях з мінскімі нумарамі. 

На працягу дня выпадкаў масавага затрымання ў Рэчыцы высветліць не атрымалася, большасць актывістаў была на волі. Толькі адно паведамленне ад ананімнага аўтара ў адным з мясцовых тэлеграм-чатаў прайшло зраніцы. Праўда, калі на згаданы там адрас прыехалі іншыя ўдзельнікі чату, там ужо нікога не было.


Алена ЦЫБУЛЬСКАЯ на Цэнтральнай плошчы Рэчыцы. Фота: instagram.com/vas_saa

Але ўвечары высветлілася, што раніцай была затрыманая мясцовая актывістка Алена Цыбульская. У яе ў хаце правялі ператрус, забралі кампутар і тэлефон. Такую інфармацыю паведаміла маці актывісткі.

Таксама маці Алены Цыбульскай распавяла, што Алену затрымалі супрацоўнікі з Мінску. У Рэчыцкім РАУСе ёй сказалі, што Цыбульскую павезлі ў Заводскае РУУС Мінска, дзе будуць праводзіць разбіральніцтва.



Фота: Аляксей ЗМУШКО.

З чым звязанае затрыманне, пакуль высветліць не ўдалося. Але вядома, што 30 жніўня, у дзень народзінаў Лукашэнкі падчас шэсця, якое дайшло да Рэчыцкага райвыканкама, Алена Цыбульская прынесла і паклала на ганак выканкама вяроўку з пятлёй.