У Светлагорску судзяць людзей за збор подпісаў
Палеская Вясна
08.09.2020
>
Карэспандэнт Палескай Вясны 7 жніўня пабыў на двух
судовых працэсах, падчас якіх жыхароў Светлагорску абвінавачвалі ва ўдзеле ў
несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве за знаходжанне побач з месцам збору
подпісаў за адкліканне дэпутата.
Анатолю Кнігу, паводле міліцэйскага пратакола, ставілася ў віну тое, што ён «24 жніўня ў
перыяд з 17 гадзін 10 хвілін да 18.00 узяў актыўны ўдзел у сходзе, які
выразіўся ў сумеснай прысутнасці грамадзян каля гандлёвага цэнтру “Березки”».
Анатоль КНІГА
Судзіў Кнігу суддзя Аляксандр Валодзькін. Ён задаваў
Анатолю пытанні, сам жа падчас ягоных адказаў яго не слухаў, а гартаў і чытаў
матэрыялы справы. Тым часам Кніга патлумачыў, што прыкладна а 17.50 падыйшоў да
ГЦ «Березки», каб там сустрэцца з жонкай, дачкой і ўнучкай, якія адпачывалі
каля дзіцячых батутаў побач з гандлёвым цэнтрам. Там ён заўважыў вялікую
колькасць супрацоўнікаў міліцыі ў форме (паводле Кнігі, каля 20 чалавек), якія
атачылі значна меншую групу людзей.
«Не часта ў нашым горадзе можна пабачыць, каб сярод белага дня столькі
міліцыянтаў у адным месцы сабраліся. А тым больш, каля самага папулярнага
гандлёвага цэнтру горада. Мяне гэта зацікавіла, я адыйшоў ад чальцоў сваёй
сям’і, падыйшоў да гэтай групы і зрабіў некалькі фотаздымкаў на тэлефон. Я не
мог падумаць, што гэта нейкі мітынг, бо ні ў каго не было ніякіх плакатаў,
сімволікі, лозунгаў. Яшчэ нейкі час там пастаяў са сваімі блізкімі, назіраючы
за дыялогам людзей з міліцыяй, а потым мы з жонкай, дачкой і ўнучкай сыйшлі па
сваіх справах» – патлумачыў у судзе Анатоль Кніга.
Прыкладна такое ж
распавялі і два сведкі з боку абароны. Хадайніцтва пра выклік у суд сведкі з
боку абвінавачвання – міліцыянта Сакаловіча, які склаў рапарт аб удзеле Анатоля
Кнігі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, сведкам якога ён стаў, суд не задаволіў,
патлумачыўшы, што гэта з’яўляецца немэтазгодным зацягваннем судовага
разбіральніцтва. Таксама ў судзе прагледзелі відэа таго, што адбвывалася, дзе
відавочна бачна, як Кніга падыходзіць да групы людзей у цывільным і міліцыянтаў
з узнятым у руках тэлефонам, відавочна робячы здымкі, потым яшчэ некаторы час
стаіць воддаль з жонкай, дачкой і ўнучкай і сыходзіць.
Пры гэтым суддзя
звярнуў увагу, што ў аднаго з людзей быў парасон, які меў расфарбоўку ў белыя і
чырвоныя сектары, якія чаргаваліся. Суддзя запытаўся ў Анатоля Кнігі: «А вось
гэты парасон сваёй афарбоўкай вам нічога не напамінае?». Анатоль Кніга адказаў,
што не бачыць у такім парасоне нічога крымінальнага: «Звычайны парасон. Цяпер
іх як толькі не расфарбоўваюць», – сказаў Анатольк Кніга.
Пасля гэтага суддзя
Аляксандр Валодзькін вырашыў, што віна Анатоля Кнігі ва ўдзеле ў
несанкцыянаваным мерапрыемстве даказаная і вынес пастанову аб накладанні на яго
трафу, памерам у 30 базавых велічыняў.
Уладзімір Раманцоў, якога ў той жа дзень судзіў суддзя Уладзімір Сцяпанаў прызнаваў, што ён удзельнічаў у сходзе грамадзян.
На пытанне ж суддзі пра тое, ці прызнае ён сябе вінаватым у здзяйсненні
адміністратыўнага правапарушэння Раманцоў адказаў, што ніякага правапарушэння ў
рэалізацыі права, прадастаўленага Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным пактам аб
грамадзянскіх і палітычных правах ён не бачыць.
Уладзімір РАМАНЦОЎ
Шмат часу ў гэтым
працэсе заняў прагляд відэа якія міліцыянты знялі 24 жніўня каля «Бярозак».
Падчас прагляду высветлілася, што чалавек з бел-чырвона-белым парасонам – як
раз Уладзімір Раманцоў. Пасля сканчэння прагляду, суддзя Сцяпанаў запытаўся ў
Раманцова: «Прызнайцеся, парасон адмыслова такіх колераў узялі?» Уладзімір
Раманцоў растлумачыў, што гэты парасон яму падарылі ў Вялікабрытаніі, дзе ён
колькі год таму праходзіў навучанне. А на збор подпісаў ён яго ўзяў не як
сімвал, звязаны з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам, а як сродак абароны ад
палячага сонца.
Скончыць працэс у той
жа дзень суддзя не здолеў і перанёс вынясенне прысуду на раніцу наступнага.
Вынікам разбіральніцтва стала прызнанне Уладзіміра Раманцова вінаватым у
парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства і накладанне на яго штрафу
ў базавых велічыняў.
Сёння ў Светлагорску
працягвае працаваць рэпрэсіўны судовы канвеер. Мяркуецца разгледзець справы ад
удзеле нібыта ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, датычна Жаны Астапенка, Мікалая Астапенкі, Рыгора
Тавостава, Аляксандра Бялова.