23.34. Праз амаль месяц пратэстаў светлагорская міліцыя запомніла нумар аднаго артыкула беларускага заканадаўства

Палеская Вясна 31.08.2020

>

З дапамогай артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса міліцыя ў Светлагорску лічыць магчымым рэгуляваць пытанні выбарчага заканадаўства і, у прыватнасці, перашкаджаць збору подпісаў за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

Светлагорскія міліцыянты падыйшлі да групы гараджан, якія 29 жніўня сядзелі за столікам кавярні на вуліцы горада і прапаноўвалі ахвочым пакінуць подпіс, каб ініцыяваць сход выбаршчыкаў за адклікане дэпутата. Супрацоўнікі карнага органа пачалі папярэджваць збіральнікаў подпісаў, што яны праводзяць «мерапрыемства», якое «з’яўляецца несанкцыянаваным».

Збіральнікі подпісаў запыталіся ў міліцыянтаў ці ёсць закон, на падставе якога ім забаронена збіраць попісы ў грамадскіх месцах. На гэта міліцыянт паведаміў, што ў дачыненні да грамадзян, якія збіраюць подпісы, пачаты адміністрацыйны працэс, у межах якога ім усё патлумачана – «дадзеныя дзеянні вашыя несанкцыянаваныя». Збіральнікі подпісаў за адкліканне дэпутата ўдакладнілі якім артыкулам закона гэта забаронена.


Адказ міліцыянта быў, відаць, вышынёй юрыдычных пазнанняў маёра міліцыі: «Паводле артыкула 23.34». Далей ён удакладніў, што знаходжанне людзей за столікам вулічнай кавярні і пры гэтым збор подпісаў за адкліканне дэпутата з’яўлаецца незаконным пікетаваннем.

Паводле дзеючага цяпер у Беларусі закона «Аб масавых мерапрыемствах», пікетаванне - публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў або пратэсту (без шэсця), у тым ліку шляхам галадоўкі, па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаннем ці без выкарыстання плакатаў, транспарантаў i iншых сродкаў.

Цікава, ці хутка светлагорская міліцыя пачне распачынаць адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да груп грамадзян, якія публічна стаяць на аўтобусных прыпынках, выказваючы тым самым без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў групавы інтарэс у прыбыцці аўтобуса?