Аб чым размаўлялі пратэстоўцы ў Калінкавічах са старшынёй райвыканкаму, начальнікам міліцыі і пракурорам

Андрусь ГАЁВЫ 18.08.2020

17 жніўня пратэстоўцы ў Калінкавічах дамагліся, каб да іх выйшлі прадстаўнікі мясцовай улады.


Сяргей ГВОЗДЗЬ, Вадзім ЖУЛЕГА, Дзяніс КОТ.

Старшыня Калінкавіцкага райвыканкаму Сяргей Гвоздзь, начальнік РАУС Дзяніс Кот і пракурор раёна Вадзім Жулега выйшлі да людзей, якія сабраліся на цэнтральнай плошчы горада каля раённага дома культуры.

Спачатку Сяргей Гвоздзь пачаў быў распавядаць народу пра вынікі сваёй дзейнасці. Маўляў, і спартовую залу да школы дабудавалі, і лаўкі паставілі, і плануюць зрабіць ходнікі паўз адну з вуліц у прыватным сектары. Але людзі абрэзалі гэты даклад фразаю «мы сюды не за гэтым прыйшлі».
Пасля гэтага многія наўпрост выказваліся менавіта наконт масавых фальсіфікацыяў на прайшоўшых прэзідэнцкіх выбарах і сваволі міліцыі.


Доўгатэрміновы назіральнік пры Калінкавіцкай раённай выбарчай камісіі і каардынатар кароткатэрміновага назірання ў раёне ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэй Мядзведзеў распавёў пра парушэнні прынцыпу дэмакратычнасці і адкрытасці на ўсіх этапах выбарчай кампанні ў раёне. Калі ў выканкаме фармаваліся раённыя выбарчыя камісіі, туды не ўключылі аніводнага самавылучэнца альбо вылучэнца ад апазіцыйных дзеючай уладзе палітычных сілаў.

Мядзведзеў прывёў прыклад Максіма Абрамчука – стваральніка ІТ-кампаніі, якая паспяхова працуе ў Вялікабрытаніі. Максім нарадзіўся і выгадаваўся ў Калінкавічах. Пасля сканчэння БДУІР ён стварыў ІТ-кампанію ў Мінску. Пазней з’ехаў у Лондан і зараз у яго там свая кампанія. Ён адмыслова прыехаў у родны горад на гэтыя выбары. Ён сабраў подпісы сваіх землякоў і вылучыўся ў выбарчую камісію, што мусіла працаваць у гімназіі, якую ён раней скончыў. Але райвыканкам абмежаваў колькасць чальцоў тае камісіі 13 членамі, на ўсе гэтыя месцы абраў толькі правераных людзей з бюджэтных арганізацыяў, падначаленых выканкаму, якія раней удзельнічалі ў такіх самых камісіях. Уключыць у склад камісіяў 14-га вылучэнца, якога яны не ведалі, чальцы выканкама не пажадалі, хаця закон такую магчымасць прадугледжвае.

На этапе вызначэння месцаў агітацыі выканкам вызначыў адно месца для агітацыі ў форме масавых мерапрыемстваў, хаця раённая камісія на сваім паседжанні раней ўзгадніла цэлы пералік такіх месцаў. На скаргу назіральніка выканкам увогуле не адрэагаваў. Такім чынам, нават у дзейнасці выканкама, на думку Андрэя Мядзведзева, былі відавочныя парушэнні дэмакратычнасці і адкрытасці. Але Сяргей Гвоздзь на гэта адказаў, што да выбарчай кампанні ён, як старшыня выканкаму, увогуле не мае дачынення. Усё вырашалі чальцы ўладнага органа.

Распавёў Андрэй Мядзведзеў і пра тое, у якіх умовах давялося назіраць незалежным назіральнікам на ўсіх участках у раёне, дзе яны назіралі – з вуліцы, камісіі імкнуліся закрыць вокны і шкляныя дзверы памяшканняў, дзе адбывалася галасаванне, калі праз іх можна было нешта ўбачыць.

Сваім досведам назірання падзялілася назіральніца ад кампаніі «Праваабронцы за свабодныя выбары» Аксана Бульская, якая назірала на ўчастку № 6 у Калінкавічах. У асноўны дзень на яе, нягледзячы на тое, што яна назірала на вуліцы за некалькі дзясяткаў метраў ад уваходу ў сам будынак, двойчы выклікалі нарады міліцыі, сцвярджаючы, што яна нібыта замінае працы камісіі і праводзіць агітацыю. Вынікам стала тое, што, каб не дапусціць яе затрымання і дастаўкі ў міліцыю, каардынатар параіў ёй сыйсці ад участка і яна не мела магчымасці скончыць нават вонкаваее назіранне.

І ў выніку назірання лічбы яўкі, якія з’яўляліся штодня ў пратаколах, у некалькі разоў перавышалі колькасць тых, хто ўваходзіў у будынкі, дзе месціліся ўчасткі для галасавання. А ў асноўны дзень галасавання наадварот, колькасць тых, каго ўбачылі назіральнікі, была на некалькі соцень меншая за тую, якую пазначылі ў выніковым пратаколе.

Многія людзі бачылі, што ў асноўны дзень галасавання большасць бюлетэняў у празрыстых скрынях была ў выглядзе гармонікаў, што азначала, што ў гэтых бюлетэнях стаіць пазнака не за Лукашэнку. Таму людзей абурыла, што па Калінкавіцкім раёне, паводле вынікаў камісіі, амаль 90% галасоў надалі Лукашэнку.


Шмат пытанняў гучала з нагоды затрыманняў 9, 10, 11 жніўня на цэнтральнай плошчы горада. Людзі не разумелі, чаму ім нельга было проста сабрацца ў цэнтры горада. Яны не выказвалі ніякіх патрабаванняў. Яны проста стасаваліся паміж сабой, а некаторыя з затрыманых увогуле ішлі міма. Начальнік міліцыі Дзяніс Кот на гэта адказаў, што затрымлівалі людзей за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Але пытанне пра тое, як было магчыма арганізаваць санкцыянаванае мерапрыемтсва на працягу некалькіх гадзін пасля абвяшчэння вынікаў, якія не задаволілі людзей, засталося без адказу.


Самым маўклівым з усіх трох прадстаўнікоў улады быў пракурор Вадзім Жулега. Ён толькі аднойчы ўзяў мікрафон і патлумачыў на прапанову аднаго з удзельнікаў правесці грамадскае апытанне ўсіх чальцоў камісіяў, што такая працэдура законам не прадугледжана.


Адзіным вынікам сустрэчы стала тое, што многія людзі здолелі выказаць раённай уладзе тыя думкі, якімі раней дзяліліся між сабой на шэсцях і мітынгах. Нейкіх аргументаваных і канкрэтных адказаў на свае пытанні ніхто не атрымаў. Кіраўніцтву раёна былі перададзеныя патрабаванні, частку з якіх калінкавіцкія пратэстоўцы прасілі перадаць у вышэйшыя органы ўлады. Гэта патрабаванне пызнаць вынікі выбараў несапраўднымі, адправіць у адстаўку Лукашэнку, Караева, Ярмошыну і ўвесь склад ЦВК і правесці дэмакратычныя выбары з наяўнасцю прадстаўнікоў кандыдатаў у кожнай камісіі і адкрытым назіраннем ды падлікам галасоў.



Пасля сустрэчы з уладай пратэстоўцы зноў сабраліся на круглай плошчы ў цэнтры горада і прайшліся шэсцем па адной з цэнтральных вуліц.