«Адвесці б у бок і растлумачыць па-мужчынску». Давераная асоба Лукашэнкі з парушэннем закону выступіла ў Калінкавічах
Палеская Вясна
08.08.2020
Сустрэча з
выбаршчыкамі даверанай асобы кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі –
рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Юрыя Кулажанкі, прайшла
ў гімназіі горада Калінкавічы.
Гімназія ў Калінкавічах не ўваходзіць у пералік
памяшканняў для правядзення сустрэчаў з выбаршчыкамі кандыдатаў на прэзідэнта і
іх давераных асобаў, вызначаных адпаведным рашэннем Калінкавіцкага
райвыканкаму. Нельга лічыць гэтую сустрэчу і сустрэчай у працоўным калектыве,
бо на яе адпраўлялі работнікаў розных установаў адукацыі горада. Усяго на
сустрэчы прысутнічала каля сотні чалавек. Амаль усе яны ішлі групамі і на
крэслах сядялі таксама групамі розных педагагічных калектываў. На сайце райвыканкаму гэтая сустрэча не анансавалася, у адрозненне ад сустрэчы ў пералічанай у адпаведным рашэнні выканкама актавай зале Палескага аграрнага каледжу, якая праходзіла праз тры з паловай гадзіны.
Юрый Кулажанка шмат
распавядаў пра сябе, як ён зрабіўся рэктарам транспартнага ўніверсітэта, як ямы
прапанавалі стаць даверанай асобай Лукашэнкі, чым захапляюцца расійцы, якія
прыязджаюць ў Беларусь і што ўсё гэта сапраўды ёсць.
Пасля гэтага Юрый Кулажанка прайшоўся па Расіі, зрабіўшы
выснову, што расійскі народ мае распластаванне – такія ж расійскія настаўнікі добра
ставяцца да такіх жа беларускіх настаўнікаў, а вось расійскае алігархічнае
лобі, якое не слухаецца тамтэйшага прэзідэнта Пуціна, толькі і марыць, каб
дэстабілізаваць Беларусь і захапіць нашыя заводы, кшталту МАЗу і БелАЗу.
З ягонага выступу стала зразумела, што ў Беларусі
найбольшыя ворагі дзяржавы – гэта блогеры. Яны, маўляў, паказваюць адзін
негатыў, а на тое, каб ездзіць па ўсёй Беларусі і гэты негатыў здымаць, ім
нехта дае вялізныя грошы.
Адзін з такіх блогераў «фамилию постараюсь не называть», паводле Кулажанкі, правакаваў дзяржаву як мог – зняў не самы прывабны
жэст старшыні Добрушскага райвыканкама, кінуў машыны не там, дзе трэба ў
Магілёве. У выніку дзяржава вымушаная была ўжыць сілу ў Горадні.
Старшыня Добрушскага райвыканкама Вольга МОХАРАВА.
Скрын-шот з відэа канала "Страна для жизни".
Іншы блогер, прозвішча якога Кулажанку называць можна –
Павук, у Акцябрскім, не спытаўшыся дазволу ў даверанай асобы Лукашэнкі, пачаў
на сустрэчы з выбаршчыкамі яе здымаць. Гэткія самыя прэтэнзіі Кулажанка выказаў
і ў адрас назіральніка ад кампаніі «Праваабаронцы
за свабодныя выбары» Андрэя Мядзведзева, які
ажыццяўляў відэафіксацыю сустрэчы з даверанай асобы аднаго з кандыдатаў у
непрызначаным для такіх сустрэчаў месцы.
Потым давераная асоба кандыдата палтумачыла, што Павук
яшчэ і здымаў чальцоў выбарчай камісіі на адным з участкаў, не спытаўшы іх
дазволу. А тыя дужа не хацелі, каб іх твары трапілі на відэарад блогера. Павук,
жа, як распавёў Кулажанка, патлумачыў, што ў грамадскім месцы ён мае права
здымаць каго заўгодна і іхняга дазволу на гэта не патрабуецца.
«Ну добра, што ты
права маеш, але па-мужыцку адвесці б убок, ды патлумачыць абавязкі!», – сказаў Юрый Кулажанка.
Калі давераная асоба скончыла свой спіч, яна запыталася пра
патынні ад прысутных. Пытанне задала толькі адна жанчына. Яна спытала, як
Кулажанка ставіцца да будаўніцтва Беларускай АЭС. Юрый Кулажанка патлумачыў,
што акрамя эканамічных выгодаў, АЭС яшчэ і добра паўплывае на экалогію, бо не
будзе выкідаць газы, якія спрыяюць глабальнаму пацяпленню, як гэта робяць
цеплавыя электрастанцыі. Пасля гэтага сустрэча скончылася і прысутныя імкліва
разыйшліся.